Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Няма прычыны быць вясёлым, калі ўсюдых адна фальш.

— Э, ці варта прымаць к серцу? Я за вайну так атупеў, што да ўсякай фальшы прызвычаіўся, — сказаў Абдзіраловіч і шчупянуўся, што пачуў сябе атупелым (ды й то ня надта) толькі цяпер, сказаўшы гэтыя няшчырыя словы,

Васіль маўкліва падаў яму сяньнішнюю газэту, друкованую чырвоным з чорнымі жалобнымі рамкамі. Буквы пазьліваліся, дык мітусілісь уваччу, а чорныя рамкі здавалісь сінімі. Абдзіраловіч прагледзіў колькі радкоў і пачуў сорам і прыкрасьць, бо шмат напісалі там красамоўнае лухты і проста маны пра комуністычную дзеяльнасьць нябожчыка.

— Ну, можа, пойдзем на хаўтуры? — ціха папытаўся Васіль, — ай вы яшчэ ня сьнедалі? Праспалі свой самавар. Дык пойдзем да мяне, я пакінуў яшчэ гарачы.

Абдзіраловіч з агідаю кінуў чытаць, апрануўся, і яны пайшлі.

Радаснае, цёплае сьвятло залівала вуліцы, блішчэла на плінтусовых тротуарах, трамвайных рэйках і вокнах дамоў. Крамы і ўсё усюдых было зачынена, як у сьвята; з дамоў патроху высыпаў рабочы народ, схадзіўся, гаманіў, строіўся на хаўтуры, быццам салдаты на парад. З Зарэчча і Слабады ішлі кучкамі прыбраныя работнікі з чырвонымі стужачкамі на грудзёх;