Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/190

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

баў і залаты стоўб пылінак, што йграе ад іх — да зямлі. А як было прыкра! Гэта ж яшчэ ўчора сядзеў тут і казаў такое нядобрае капітан. І ўчора бег ён сам з тым запыханым чырвонаармейцам шукаць ратунку ў Васіля. Знайшлі яго ля кватэры, на вуліцы. Стаяў Васіль пад дрэвам, прыхінуўшысь к загарадцы; схаваўсь у цямноту ад сьвятла лямпы з нечыйга вакна і ў нейкай задуме, у вадзінокай засмучонасьці глядзеў на неба, на зоркі. Але маладзец Васіль! Адразу пакінуў сваю засмучонасьць і аж шыбчэй за іх пабег з імі ў вастрог. Ня гледзячы на позны час, дабіўся да памошніка начальніка вастрога, таварыша Кірдзюшкі, і даведаўся праўды. Дай Бог здароўя Васілю! Ен так насеў на гэтага Кірдзюшку, што той ня ведаў, як адчапіцца, і супакоіў іх, што „арыштаваны Канцавы за чразвычайнаю комісіяй ужо ня лічыцца, а перадалі яго N-му рэвалюцыйнаму трыбуналу, — значыцца, справа яго ня страшная; прынамсі да сьценкі не паставяць“. Ен сказаў яшчэ, што „вось дзеля таго, што гэты арыштант ня важны, яго і пераводзяць у быўшы арэсны дом, а стуль і зусім пусьцяць на волю да суда“.

Абдзіраловіч дастаў скрыначку з пісьмамі, папераю і канвэртамі, гдзе таксама ляжаў яго георгіеўскі крыж, фотографічныя картачкі знаёмых і яшчэ сьвежы барвісты кляновы лісьцік, той, што яна пада-