Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Яны разыйшлісь, ня даўшы рук. Абдзіраловіч пазваніў ля дзьверцаў, чакаў, пакуль адчыняць, і чуў як патроху заціхлі гукі ад шыбкай і шырокай хадні Гарэшкі. А сонны месячык схіляўсь ніжэй на сьвяжэючым небе.

XXI.

На ўсходнім фронце чырвоная армія дужа пабіла белую армію. З гэтай прычыны ў месьце N бальшавікі назначылі сьвята на суботу. Бедная Іра Сакавічанка не магла у гэты дзень пабачыцца ў вастрозе з сваімі сябрамі, бо ўсё усюдых было пасьвяточнаму зачынена. Трэба было чакаць яшчэ цэлых сем дзён… Парадзіўшысь з Абдзіраловічам, пастанавіла яна за гэты час зьезьдзіць у сяло, гдзе быў Канцавы вучыцелем, і дастаць паперу ад сельскага комбеда, што арыштаваны ня ёсьць пэўны шкоднік для бальшавіцкай ўласьці, што комбед бярэць яго на свой адказ да самага суда. Спадзявалася таксама дастаць нейкую паперу і Сухавею ў Горках.

Вярнуўшыся з Зарэчча, кудой хадзіла дагаварыць сабе падводчыка-балагола, Іра сустрэла на лесьвіцы ў гатэлі Абдзіраловіча. На вуліцы, ўжо хадзілі з песьнямі, з музыкай, насілі штандары, і куламеса з розных адарваных гукаў ляцела аж сюды на лесьвіцу,