Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я нічога не кажу, але мне, калі на тое, праўда, што наўзьдзіў ваш гэны… маскарад, ці як ляпей сказаць, ня ведаю.

— Так… наўзьдзіў! кажаце… Ну, але ж, пане мой, дасьцё чэснае слова, што нікому нічога ня скажаце, так?

Абдзіраловіч нічога не адказаў. Яны падыйшлі пад самы дом, дзе ён жыў. Месяц ліў сваё соннае сьвятло, а нейдзе на другой вуліцы, за рагом, вартаўнік затрашчэў кляшчоткаю. Гарэшка ўзяў Абдзіраловіча за борт пальта, схіліўся і з націсканьнем слоў прамовіў яму ў самыя вочы:

— Чэснае слова, пане мой, дасьцё вы мне, што язык свой не распусьціце; але не такое, калі памятаеце, як далі ў Маскве, што?

— Я ня лічу патрэбным даваць вам нейкае слова… І ніякага слова ня дам… І будзьце ласкавы троху супакоіцца, — сказаў Абдзіраловіч, адхіліўшысь ад прыкра-тухлага гарэлачнага паху.

— А-а-а… То так! Ну, добра.

Гарэшка пастаяў нейкі час моўчкі, задумаўшысь.

— Калі вас можна бачыць на кватэры? — спытаўся потым ён.

— Абы-калі, як вярнусь са службы. Толькі ня ўноччы.

— Добра. Дабранач.

— Бывайце.