Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

як маецца ваша даўная знаёмая Алечка?.. Падаўнейшаму — Алечка, а цяпер-то, праўда, княгіня Аляксандра Мікалаеўна Гальшанская… Жывое, Богам створанае хараство, казаў той… што?

— А вы адкуль ведаеце? — спытаўся неўспадзеўкі для сябе Абдзіраловіч, хоць пачынаў надта крыўдзіцца і намерыўся асадзіць нахальнага капітана.

— А я, пане мой, ня дужа даўно з Каўказу. Ну, што ж вам цікаўнага сказаць? Мікола Мартынавіч, хоць я з ім знаём мала, болей са слоў князя, выехаў з сямейкай ў Румынію. Усе выехалі, апрача, праўда, Алечкі, дзеля таго, што князь-тыкі з ёю пабраўся. І гімназіі ня скончыла. Ну, разумеецца, гэткі завірушны, час. Вас мы з ёю ўспаміналі. Так… Казала, што вы чалавек добры і ёй чалавек любы, але мяккасьць ваша не да спадобы ёй. Князь мяне пазнаёміў з ёю. Цяпер яны абое выехалі адтуль… туды, куды камандзіравалі князя. Ну, а вы, квіт за квіт раскажыце, пане мой, аб сваіх прыгодах з той пары?

— Я працую на савецкай службе, так я і вы, таварыш Гарэлік, толькі Вы, здаецца, на вайсковай, а я — на цывільнай.

— Так… Разумеецца, так. Што? Вы па гэтай вуліцы? Добра, добра… Дык, вас, кажаце, ня дзівіць, як гэта з кульгавым сябрую? Што?