Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Васіль! — гукнуў зняцейку для сябе Абдзіраловіч, і работнік прыстоіў, пазнаючы яго.

— Ігнат Восіпавіч?! — з нясьмелаю радасьцяй прамовіў ён; ня ведаў, парукацца яму ці не.

— А я, а я, любы Васілёк, я самы! А як-жа рад нячаканай сустрэчы з табою у чужой Маскве! — і абшчапіў яго шчыра і і проста. Пацалаваліся.

— Васілёк, як быццам мяне чаго саромішся, — казаў Абдзіраловіч, — што ты, галубец? Прысядзь, родненькі. Пагамонім. Цяпер, аджа, ня тая пара — памятаеш, як цябе, ніжняга чына, ня пусьцілі са мною у залю першае клясы у Смаленску?

— Так, — ухільна адказаў Васіль, марудна трапляючы на патрэбны тон. А быў і ён здаволены.

— Ці-ж ты не салдат ужо? — спытаўся Абдзіраловіч.

— Не, мяне выпісалі з часьці, і я працую на фабрыцы. Жыву з маткаю.

— Што? і мамка тут! — крыкнуў той, ня ведаў як сказаць аб ёй, а казаць, як калі-сь, Маланка — сароміўся; — ай, як-ба добра з ёю пабачыцца. А што, здарова, тупаець, як тады?

— Ат, якое там здароўе, Ігнат Восіпавіч, — а злашчы пры гэткай дарагоўлі. Каб хаця страваваньне лепшае.