Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзі, — павёў у іх бок рукою Гаршчок, кажучы Гарэліку сваім грубым, але не праціўным голасам: — адзін, таварыш Васіль, добры комуніста, а другі, ня ведаю, але чалавек нічога сабе, толькі дужа доўга самавызначаецца. Гэй, Махмет! — крыкнуў ён у прычыненыя дзьверы другога, чарнейшага пакою, — давай скарэй вячэру, што там маеш, каб цябе, каб… — а потым павярнуўся і спытаўсь: — ці ж вы, Ігнат… Ігнат…

— Восіпавіч, — падказаў яму Васіль.

— Чаго казаць, кагды нясу, — адгукнуўся Махмет.

— Ці ж вы, Ігнат Восіпавіч, яшчэ й цяперака не пасьпелі з сваім самавызначэньнем? А я ж вам казаў: бавіцца не выпадае, каб ногды не спазьніцца! Забыліся? — зірнуў ён на Васіля зпад сваіх сівых кучаравых валаскоў і кульгануў, нізенькі, ля столу, — забыліся ай не?

— Не, забыцца — я не забыўся, але бадай, што й вызначыўся…

— А-а-а, ну, ну, цікава! — крыкнуў Карпавіч.

Падняў голаў на яго й Васіль; толькі Гарэлік не зважаў і пускаў а пускаў клубкамі дым.

— Я, бачыце, як беларус, патроху знаходжу сябе ў беларускай нацыянальнай і соцыяльнай сьвядомасьці.