Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І калі ёсьць пачаткі таго ў людзкой маладосьці, дык надта пасьпешна загняцець іх бруд. Астанецца кляцьба, лаянка і злосьць.

— Дык расказаць вам што-небудзь пра вёску, — прахапіўся Васіль. — А вот, як быў я ў гэтай камандзіроўцы, дык трапіў на зборку ў аднэй дзярэўні Пятровіцкай воласьці за Мсьціслаўлем. На зборкі цяпер ходзяць найболе маладыя, каторых старыя, каб прымелі, дык бы зьелі. Ну, па важных справах прыходзяць пакрычэць і пабрахацца з маладымі і старыя. Маець такі гадоў пяцьдзесят, з вялікаю барадою, крычыць: „Бра́ткі! Якая цяперіцька слабода, калі табакі німа… Есьць у мясьцечку, то там не прадаюць, за васьмушку хочуць хунт мукі. Я стаў пасылаць сына — а сыну яго гадоў дваццаць пяць, — дык ён быў на хронце, разгультаіўся, ня йдзець“… А другі бацька пытаецца: «На якім хронце?» — «У нейкіх Кірпатых». — «Во, во, во! І мой жа такей. Ня хочаць, каб бацька табаку куріў, баіцца, што ня хапіць хлеба да нові. А я кажу: якое табе дзела? І ну яго лаіць. Схапіў я ножык папужаць яго, ды ён змоўчыў. А пасьле каіць: ня праўда, калі станець Ленін здароў, ня будзець вам, старым, такой раскошы… А я яму: не, праклятыя, здохніця з галадухі з сваімі самакраціямі.