Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

нажаць, абедаў з касцамі пад лазовым кустом і качаўся па араматнай, трошку толькі павялай скошанай траве, што тады толькі яны нічым не засмуцяцца: ні тым, як маленькі галавасьцік Таўкач даваў кукішы панскім партрэцікам, ні тым, што „комбеды“ могуць ня даць патрэбных прыгавораў Міколе й Сухавею (і будзе надта, надта неўспадзеўкі нядобра…). Трэба прасьвяціць.

Васіль думаў аб тым, што калі яго ўзноў пашлюць, ён папросіць, каб з ім паслалі ня толькі сьмелых чырвонаармейцаў, але і добрых, добрых агітатараў.

Абодва думалі і доўга не знаходзілі пэўнасьці.

Вёска… Дзярэўня…

Я ж яе люблю, але дзіўною любоўю, каторая найляпей азначаецца вядомай прыказкай: нудна ўрозьні, цесна разам.

З балючай чуласьцю не знашу, калі цяпер лаюць і ганяць яе за прагавітасьць і папікаюць цямнотаю і дурасьцю. Але ў глыбакосьцях душы свае, калі з безрадаснаю абмяжованасьцю плаваюць у васпамінках яе ганебныя малюнкі, сам бязьлітасна ганьбую й папікаю, складаючы ўсё ў сваім схварэлым серцы.

Люблю і ненавіджу разам.

Заўсёгды бывае так, што й месяца ня мінецца, як для клумнага места пакіну яе, зьнялюбелую, і ўжо хочу шмат