Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/148

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

прыкрасьць, накінутая падзеямі на іх гэтае пабачаньне, павінна зараз мінуцца, што між ім і ёю зноў павінна быць такое ж нешта добрае, як тады ў садзе, калі дала кляновы лісьцік, што прыкрасьць тая навет пойдзе на карысьць іх шыбчэйшаму зьбліжэньню і жаданай любай дружбе. Ды дзяўчына засмуцілася надоўга, у сад з ім не пайшла і увесь час думала і казала аб субоце, каб прыходзіла барджэй, каб пайсьці з Абдзіраловічам да арыштаваных. Іра засмуцілася, што вызваліць сяброў ня так лёгка, як гэта раней чамусьці здавалася, і што ў яе самой знецяйку так апалі рукі ад безнадзеіньня. Было ёй смутна й прыкра так, што аж наракала на сябе й на сваю паўсёдную жыцьцёрадаснасьць, каторая вот цяпер яе пакінула, і яна чула нейкі няпрыемны нялад у адносінах да яго, да Абдзіраловіча.

Выйшаўшы з гатэля, Абдзіраловіч ня ведаў, куды яму дзецца да вечара, пачуў нуду і пусткі ў настрою. Перайшоў на другі бок вуліцы, задумаўсь і мімаволі застанавіўся. Падняў голаў і паглядзеў на вокны другога паверха ў гатэлю, гдзе быў яе пакой. Калі нешта варухнулась ля вакна ці яму так толькі здалося, ён засароміўсь і борзда пайшоў па вуліцы пад той канец, гдзе жыў Васіль.