Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вялікія, цьвёрдыя і простыя. На сьценах — без шпалераў — вісела невялічкая карта Беларусі, а над ёю, абвіты беларускім паяском, вісеў маленькі партрэт у рамцы Янкі Купалы. На другой сьцяне быў Тургенеў і колькі выразаных з ілюстраваных часопісаў і проста налепленых на паперу фотографій беларускіх літэратараў і дзеячоў. Два вакны былі ў сад. Адно — ўсё загароджанае хатнімі краскамі; другое ў дзень паказывала праз сябе клумбы з прыгожымі, буйнымі краскамі, некалькі градак з гароднінаю і далей — невялікі садок, некалькі яблынак і сьлівак, кусты шуры і парэчак. На градох было дужа многа цьвітучага добрага маку з густа-чырвонымі вялікімі ляпёсткамі і ўжо некалькімі досыць буйнымі мачынкамі. Тут жа блутаўся вусасты, кручаны гарох, зьвісаў з высокіх уваткнутых сукаватых кійкоў сваімі кволымі кручастымі вусікамі, пачынаў цьвіцець белафіолетавымі дробнымі красачкамі. На клумбах расла табака, леўкоі, пахнючы гарошак і яшчэ колькі розных красак. І клумбы й грады разрасьліся густа і багата, навет дзіка, ня ведалі штодзеннага пільнага дагляду і буялі самадумам.

І ўзноў маркотны месяц і ціхі сонны сад цягнулі дзяўчыну з яе цеснага пакойчыка туды, гдзе у цямноце буяў