Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пяець нянька тое, што цяпер Іраньцы ўспамінаецца, ні-то нуднае, ні-то соннае.

Сядзела котачка на кухні,
У яе вочачкі папухлі…
— Чаго-ж ты, котачка, плачаш:
Ці піцькі, ці есьцькі хочаш?
— Ні піцькі, ні есьцькі хачу —
Па сваёй жалосьці плачу…
Сам кухар пячонку зьлізаў,
На мяне котачку сказаў;
Хочуць мне лапкі адбіці,
Чым жа я буду хадзіці?..

Пяець бабулька песьню, якую пяяла сваім дзяцём і якую соладка сама слухала восемдзесят год назад таму.

Думае думы Іранька.

Чаму з бабамі сяньні жаць не пашла? От бы ня нудзілася!

Ураньні, з расіцаю, па халадочку, люба й лёгка жаць. А за дзень замлеець сьпіначка. І сорам жа, каб яе постаць ды адзаду цягнулася. Хруп, хруп! Шуміць серп. Распаўзаюцца жучочкі, казюлечкі й божыя кароўкі. Кінулась сівая мышынка з-пад камлыжкі да свае норухны. Дарма не пашла ты сяньні з бабамі жаць, Іранька! Сьніцца табе на сонейку няведама што, і млеець тваё серданька.

Так ташнавала дзяўчына аж да вечара, то ляжала, то бегала, спакою сабе не знаходзіла, А калі ўсё паснула ў ці-