Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Цынга і крываўка адменялі яе склад так скора! І ах, — тыя часы, калі пад вясну запаланілі роту быўшыя жандары, і кадравыя з запасных батальёнаў… І ах, — тыя часы, калі вялікаросы пабілі капітана N. — украінскага самасьційніка… І ах, — тыя часы, калі мусіў з фальшам на душы ўмаўляць людзей, каб цярпліва знасілі гэтае абрыдлае жыцьцё…

Ен пачуў прыкрасьць і што чырванее, адылі зараз уздыхнуў лёгка і спакойна.

— Лепшаю, — казаў ён сам сабе, адхіляючыся ад вакна і кладучы замест падушкі шэрую, шорсткую, але якую-сь люба-блізкую шынэль; — лепшаю!

Ураньні, пад Масквою, прачнуўся ціхамірны і здаволены ўсім наўкола і сваёй доляю.

А па небу хадзілі хмары, ужо курыўся ля закапцелых фабрычных комінаў дробны дожджык і часам гусьцеў і буйнеў.

— У дождж прыехаў: шчасьце, — думаў сабе.

Калі злазіў па сходнях на пэрон, заўважыў і пачуў, што дужэй ступаюць ногі, што ня дрыжаць так, як там, палохаючы, дзе падсаджавалі яго ў вагон санітары Чырвонага Крыжа.

Абдаўся вагзальным клумам і сумятлівасьцю.