Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ізноў захвалявалі яны сэрца, што узята ад зямлі і вечна туды, да яе цягнецца, ёю вабіцца і да яе гукае сярод чужога і няпрыемнага.

Гвардзеец выйняў коўдрачку, падушачку, пазваніў правадніку і з яго па,маганьнем асьцярожна зьдзеў бліскучыя, кволыя боцікі; потым, адпусьціўшы яго, разьдзеўся, склаў сьцеражліва фрэнч, ськінуў з яго пухавінку, лёг, увінуўся і заснуў з маленькім сьвістаньнем у носе.

З грыменьнем налятаў поезд на масты, паціху сіпеў падгару, лёгка імчаўся па раўнядзі сярод чорных кучак хат і садоў, дзе там-а-там блішчэлі жоўценькім і ціхім вясковым сьвятлом вакенцы, а далёка, у розных канцох, чуваць было, гаўкалі сабакі ў невядомым рускім сяле.

Лятуцелася аб працы ў вольнай старонцы, аб дзеяльнасьці…

Усё здавалася цяпер харошым, ясным і духоўна, незьясьніма на словах, зразумелым.

Навет абраз грознага, няправеднага бацькі, каторы адрокся ад народалюбца і апрашчоніка і быў рад, што яго выкінулі з універсытэту, навет ён ня быў цяпер балючым яму зданьнём.

І гледзячы на гэтага сытага, крывістага гвардзейца, ён з сумнымі думкамі нагадаў баявы вучастак свае роты ў Палесьсю, у лесе і балоце… Рота таяла.