Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

напель. Далёка за лесам, на небе, пыхалі і тухлі зараніцы.

Позны вечар… Прыціхла ў цямноце жыта і пыльны шлях. Позны вечар.

На выгане, за сялібаю, з канца хат, аднак яшчэ даносіцца гоман. Порскаюць, тупочуць нагамі нявідныя коні.

Нашлежнікі выязджаюць.

Скрыпнулі вароты, ляснуў завал, а там гаўкнуў сабака, ля калодзежа скрыгнула вага, і адтуль, і патроху, адзін за адным нашлежнікі зьехаліся і пацягнуліся ў цемні па дарозе ў поле.

— Гэй, гэй! Фю-фсі-сіў! Кось, кось!..

Адзаднія мальцы, раскапусьціўшысь на конях, у зьнізах, таўкаюць іх пад бокі нагамі, а тыя — ані! — патроху дыбаюць, паціху перастаўляюць ногі.

І мальцам спачатку не маўчыцца. Таўкач сьвішчыць, Блышка на грыбы кадрыль іграець, а Касьцючок, з другога аддзяленьня вучань, што па дрэвах, як кот, лазіць, той пяець песьню:

Мая хвустка на пагодзе дуецца,
А мой мілы на вайне ваюецца…

Але чары гэтай душнай ночы сьцішылі іх. Маўчаць.

Даволі доўга было ціха а ціха ўсюды. Пачуўся, здаецца, гоман. Не, гэта крыкнула птушка, Не, й ня птушка крыкнула, — далёка нехта гамоніць ці пяець па дарозе.