Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/103

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Таксама, калі быў на фронце, бачыў спачатку вайны шмат трупаў ды яшчэ ў адным груду. Іншыя таварышы яго ад гэтага бачаньня трацілі спакой, сон і апэтыт, а ён даўгі час і ў гэтым разе быў толькі пабочным глядзеньнікам і ціхім думаньнікам.

Меў такі характар, што нічога не адчуваў глыбака адразу. Затое-ж, калі міналіся дні, тыдні й месяцы, і калі ў іншых людзей сьлёзы высыхалі, — ён патроху, ды болей а болей пераймаўся тым, што некалі фатаграфічна адбілася ў яго памяці, глыбей а глыбей адчуваў тое, што другіх зьбівала з ног адразу, а потым пераходзіла ў іх і забывалася імі.

Апасьля таго пажару прабегла болей дзесяцёх гадоў, як давялося быць яму ў Магілеве ў справе паступленьня ў войска. Любіў ён гэтае ціхамірнае тыпова-беларускае места. Любіў яго ціхія завулкі сярод сонных садоў і маленькіх домікаў аб адзінаццатай гадзіне ціхога вечара ўлетку. Любіў магілеўскага чыноўніка ў жаўтавата-белым з няпрыкметнымі плямкамі на грудзёх кіцелю; ведаў, што ў таго ёсьць ахвота загаварыць з прыежджым, добра апранутым чалавекам, і для таго ахвотна зюкаў з ім аб жыцьці дробнай магілеўскай шляхты ў знаёмых абодвум ваколіцах і засьцен-