Старонка:Дзьве душы (1919).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ленькіх, пераклала. Мяркувала: шчасьлівейшы так будзеш… Мо́й ты, Ігналік… Не, ты — Васілька, а ён — Ігналік… Мой…

І ўсё дужэй і сударжней прыціскала яго канаючая маці да худых грудзей сваіх.

XIV.

І во з тае пары, як яна памёрла, мінула колькі месяцаў.

Абдзіраловіч меў такі характар, што што-небудзь нязвычайнае ў жыцьці не ўражала адразу душы яго болем ці радасьцю.

У маленьстве ён бачыў вялікі пажар перад самымі Пакровамі ў вялікім сяле недалёчка ад Крупак. Шалёны агонь, як мятлою, зьмёў, зьлізаў і двары й хаты, гумны й сяніцы. Пагарэлі дзеці й бабы, згарэў увесь скот і сабраны за цэлае лета хлеб. Заможныя гаспадары парабіліся старцамі. Людзі з гора ірвалі на сабе валасы, ламалі рукі, горка плакалі, вылі і стагналі. І навет у старога іпана Абдзіраловіча кранулася серца, ён, прыляцеўшы на злую прыгоду з сваймі батракамі, кідаўся ў вагонь і ратаваў падурнеўшых ад страху людзей, Ігналік тымчасам хадзіў толькі асьцярожна сярод абгарэлага бярвеньня і мужыцкай худобы-сьмяцьця, хадзіў як староньняя асоба і ня мог адчуць глыбкасьці людзкога гора.