Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/66

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Давай пропуск! — упарта настойваў Муха.

— Вунь там… у стале. . ляжыць. У папцы… вазьмеце… толькі ня трэба страляць!..

— Сьціхні! — крыкнуў Муха і выхапіў з-пад ляжачага начальніка пасьцілку. Начальнік пакаціўся на падлогу.

Муха падраў пасьцілку на йстужкі і, склаўшы ў некалькі раз, зьвязаў начальніка. Потым пашоў у другі пакой і схапіў начальніцу Зосю.

Абодвых начальнікаў Муха прывязаў адзін да аднаго і паклаў на ложак.

Потым узяў пярыны з другога ложка і накрыў імі.

Нарэшце, адшукаўшы вяроўкі, прывязаў увесь гэты куль да ложка.

Праз хвіліну Муха, з пропускам у турму, вышаў з хаты начальніка і зачыніў, як добры дбалы гаспадар, за сабою дзьверы.

29

Позна ноччу вярнуўся ў хату Ластоўскі.

Наста сядзела на лаўцы ў куце пакою.

Яна ўжо ня плакала. У яе нібы ўсё анямела. Нібы і болю ўжо ня было.

Слухай, няўжо-ж ты доўга будзеш гэткай? Ну, пасумавала крыху і годзе…

Наста падняла свой бледны твар і бяздзельна паглядзела на Ластоўскага.

— Слухай, другая-б дзяўчына рада была-б, што ёй выпадае гэтакая пашана… Ну, падыйдзі-ж да мяне… — і Ластоўскі працягнуў да Насты свае рукі.

Наста глянула на яго рукі і задрыжала.

— Слухай, ну ўсё роўна ты-ж ад мяне нікуды не ўцячэш. Дык вырашай-жа хутчэй, бо йначай праз якіх паўгадзіны твае знаёмыя будуць расстрэлены. І першым будзе расстрэлена гэта малое шчанё.

Наста ўздрыгнула.

— Вы не пасьмееце яго расстраляць!.. Вам ніхто дазволу ня дасьць на гэта… ён зусім дзіцянё!

Ластоўскі зарагатаў.

— А думаеш, ад каго мне трэба дазвол. Ды хто й даведаецца, што ён дзіцянё? Прозьвішча сваё адмовіўся назваць, — значыць паведамлю, што трох бандытаў, захопленых у лягеры Мухі, расстраляў. А колькі год каму было, гэтага пытацца ніхто й ня будзе… Бандытам быў — і гэтага досыць!..