— Э, дык ты вось як! — крыкнуў Ластоўскі і стукнуў Сьцёпку ў твар.
Крыўдна стала Сьцёпцы, так крыўдна, што аж у горле каменем нешта стала. А з вуснаў, заместа слоў, засачылася кроў.
— Адвесьці яго назад у камэру!
Сьцёпку павялі.
— Я лічу, — са злосьцю сказаў Ластоўскі, — што дапрашваць гэты зброд — толькі час траціць.
— Гэта нейкія фанатыкі. Бачыце, вось гэткае дзіцянё і ад яго ані слова ня вырвеш.
Дайце шыфрованую тэлеграму начальніку баявога вучастку з запытаньнем, што з імі рабіць. І, сказаўшы гэтыя словы, Ластоўскі забраў свае паперый й вышаў.
Ноччу прышоў шыфрованы тэлеграфны адказ ад начальніка баявога вучастку:
— Злоўленых у ноч з 16 на 17 бандытаў — расстраляць кропка Наогул не шкадуйце куль для зьнішчэньня бандытызму кропка Не загружайце тэлеграф гэтакім глупствам кропка Рабіце па свайму погляду.
25
Здавольненай паходкаю варочаўся ў сваю хату Ластоўскі.
Як-жа яму ня радавацца, — ад улады ўвесь час атрымлівае падзякі і надбаўкі пэнсіі. Дый так, чым-жа Ластоўскі ня гэрой. Варваўся ў штаб Мухі і, захапіўшы палонных, уцёк…
„А ўперадзе“, разважаў Ластоўскі, „зноў падзякі, чыны, пэнсія… Жэч Паспаліта яго не забудзе. Добра жыць на гэтым сьвеце“, думаў Ластоўскі, і ад гэтых думак твар яго зьзяў.
З гэткім тварам увашоў ён у хату.
— А, мілая дзяўчынка! ну, як-жа ты жывеш? — зьвярнуўся Ластоўскі да беднае дзяўчыны, з вялікімі карымі вачыма, якая моўчкі сядзела ў куце, у пакоі.
Дзяўчына нічога не адказала, толькі буйныя сьлёзы засачыліся з яе вачэй.
— Ня плач! Сьцерпіцца — зьлюбіцца, — сказаў Ластоўскі. Вось, бачыш-жа, сама спачатку ненавідзела мяне, а цяпер ужо спакойна слухаеш.
— Падлец! — прашаптала дзяўчына і, як разьяранае ваўчанё, кінулася на Ластоўскага.