Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сьцёпка падыходзіў да вакна і паціху кратаў сваёю рукой рашоткі, каб зразумець, чаму іх ня выламваюць і не ўцякаюць. Рашоткі былі моцныя і саўсім ня гнуліся. Гэта злавала Сьцёпку.

Прашло яшчэ некалькі гадзін; зноў зарыпелі засовы, і дзьверы адчыніліся. Да Сьцёпкі падышлі двое жаўнераў і скамандавалі:

— Выходзь наперад! Дапрос!..

Сьцёпку ўсё гэта вельмі забаўляла, і ён з вялікай ахвотаю вышаў.

Яго правялі па турэмным дварэ і ўвялі ў нейкае памяшканьне. Гэта была канцэлярыя турмы. У ёй супрацоўнікі дэфэнзывы чынілі дапрос.

Сьцёпку прывялі ў пакой. За сталом сядзелі тры чалавекі. На стале ляжалі паперы і бізун. У вадным з сядзеўшых Сьцёпка спазнаў таго самага селяніна, які яго, даверчывага Сьцёпку, гэтак абдурыў.

— Куды дзеў Насту?! — горача крыкнуў на яго Сьцёпка.

Але, замест адказу, Сьпёпка пабачыў, як рука чалавека, у якога ён пытаўся, паднялася.

Сьцёпка пачуў моцны ўдар па галаве, заківаўся, але сабраў сілы і ўстаяў на нагах.

— Пан Ластоўскі! — прашапталі другія на вуха біўшаму Сьцёпку чалавеку, — пачакайце, ён яшчэ нам патрэбен.

І, зьвярнуўшыся да Сьцёпкі, яны ласкава запыталіся:

— Скажы, хлапчук, дзе быў атрад Мухі ў той час, калі цябе схапілі ў зямлянцы.

Сьцёпка маўчаў.

— Скажы-ж, мілы!.. — нежна зьвярнуўся да Сьцёпкі адзін з чыноўнікаў дэфэнзывы.

Сьцёпка маўчаў.

— Скажы, хлапчук, — не супакойваўся ён, — бо гэты дзядзька будзе моцна біць цябе, калі ня скажаш, — і чыноўнік паказаў на Ластоўскага.

Сьцёпка маўчаў.

— Гавары, халера праклятая! Шчанё бальшавіцкае!

— Гавары, бо скуру з цябе зьдзяром. Глядзі, вунь кроў ужо льлецца з галавы. Гавары, бо жывога месца на табе не пакінем…

Сьцёпка рашыў не вымаўляць ні слова. Дарма, што Сьцёпка малы, ён — ня здраднік.