Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З вёскі, на сялянскім возе, з нарадам жаўнераў накіравалі ў горад.

Сьцёпка аб сабе не клапаціўся. Яго болей усяго непакоіла думка аб тым, што разам з ім няма Насты.

Ён чуў, як Ластоўскі казаў, што Насту ня будзе здаваць дэфэнзыве, што ён возьме яе з сабою.

Сьцёпка моцна ўзьненавідзеў гэтага „чалавека“, які так абдурыў яго і гэтак зьдзекваўся над усімі.

Сьцёпка думаў: „Лепей ужо ў турме быць, чым у яго руках“…

У горадзе ўсіх трох пасадзілі ў адну камэру. Апрача іх, там сядзеў яшчэ адзін хлапец.

— Ну, ты чаго зажурыўся? — зьвярнуўся да яго Сьцёпка.

Калі тут б‘юцца, — адказаў плачучы хлапец. — Ні за вошта пасадзілі ды б‘юцца!.. А за вошта вас?..

Сьцёпка нахмурыўся. Ён рашыў цяпер нікому нічога не гаварыць, апрача, як у лесе, сваім партызанам.

— За вошта-ж вас? — плакаў хлапец.

— Вось за тое самае… Зразумеў? — І Сьцёпка пад самы нос хлапчука падёс кулак.

Той з агідаю паглядзеў на Сьцёпку. Паўстанцы засьмяяліся.

Праз некалькі хвілін замок камэры глуха зьвякнуў. У камэру ўвашлі турэмнікі і разьвязалі паўстанцаў.

— Што, галубчыкі, папаліся? — запытаўся адзін з турэмшчыкаў у паўстанцаў.

Крыўдна стала Сьцёпцы, хоць у вуха бі, — крыўдна.

Самымі брыдкімі словамі рашыў Сьцёпка вылаяць турэмшчыка:

— Эх, капіталізма, сволач! Антанта!

— Маўчы, шчанок! — злосна крыкнуў турэмшчык і замахнуўся рукою на Сьцёпку.

Паўстанцы падскочылі з лавак і кінуліся да турэмшчыка.

Той грозна абвёў іх поглядам, але крануць Сьцёпку не рашыўся.

Турэмшчыкі вышлі. Паўстанцы зноў зарагаталі.

Прашло гадзіны дзьве…

Сьцёпка ніколі ня быў у турме. Усё яму было цікава — і лаўкі, на якіх чамусьці днём не дазвалялі сядзець, і краты на вокнах, і турэмная сьцяна за вакном і даўгі калідор за дзьвярыма, па якім хадзіў турэмшчык.