Рашучымі крокамі Сьцёпка накіраваўся да трох сялян, якія, заўважыўшы Сьцёпку, таксама пашлі яму насустрэчу.
Падыходзячы да іх, Сьцёпка насунуў шапку ніжэй на вочы. Ён рашыў, што гэтак у яго будзе больш таёмны выгляд.
— Што, адкуль і куды? — пачаў чыніць дапрос Сьцёпка.
— Ды мы, хлопчык, вясковыя… Аграбілі нас палякі, спалілі вёску, вось і ўцякаем, куды вочы глядзяць…
— Так… так. А бацьку ў цябе забілі?… запытаўся ў гаварыўшага Сьцёпка.
— Адкуль, хлапчук, бацьку? Бацька раней памёр. Мне-ж самому бадай ужо пад сорак будзе.
— Ці-ж ня ведаеш сколькі? — запытаўся хлапчук.
— Ды дзе там…
— А мне дзесяць! — горда сказаў Сьцёпка.
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Аднак тэрмін аховы правоў аўтара не закончыўся, таму яна не можа быць змешчаная тут. Калі выява пяройдзе ў грамадскі набытак, просьба на месцы гэтага шаблона паставіць {{Няма выявы}}. |
— Дзесяці гадоў! — нібы зьдзівіўся селянін, — а ўжо гэткі адважны. Адзін па лесе ходзіць.
Для большай сур‘ёзнасьці Сьцёпка дадаў:
— І да дзяўчат адзін хаджу.
— Во малайчына, — аж вохнуў ад радасьці селянін.
— Але-ж куды нам ісьці цяпер і што рабіць? — прытварыўшыся, што ўздыхае, запытаўся адзін з сялян.
— Куды, вядома куды — да Мухі. Ён прытуліць. Ён браце, ого-го-го за сялян! — сказаў Сьцёпка.
Сяляне пераглянуліся, і адзін з іх хутка дадаў:
… Ды і мы чулі, што Муха заўсёды дапамагае сялянам…
— Заўсёды! — дадаў Сцёпка.