А назад Сьцёпка ўжо з 5 паўстанцамі ішоў схапіць ворага паўстанцаў.
А „вораг“ быў правадыром паўстаньня — іх камандзірам і братам. У параненым, якога хацелі схапіць, паўстанцы адразу пазналі Муху. Чы-ж ім яго не пазнаць?
Як пабачыў Сьцёпка ўсё, што потым было, дык аж мурашкі пабеглі па целе. Ну, вось Сьцёпка й стаў гэроем.
Ноччу вывезьлі паўстанцы Муху, а каня даў і запрог Янка.
Гэтакая пашана яму выпала. І Насту Муха павёз і маці яе. Гэтак трэба было зрабіць, бо йначай паны забілі-б іх.
Хто яе ведае, чаго так радавалася Наста… ну, баба. Потым ноч, пажарышча і Базыля ўжо няма… Зноў смуткам занылі думы… Не зьвярнуў увагі Сьцёпка на сонца, што гэтак цёпла ліло свае срабрыстыя, як бубёнцы, праменьні. Хутка ішоў па купінах Сьцёпка. Толькі сосны, як зялёныя лямпадкі, заставаліся ззаду. Зноў думкі Сьцёпкі перабеглі да атраду… а ў атрадзе Наста. Ай маладзец, дзяўчына! Ужо ў партызанах. Сапраўды трэба ёй падарунак за гэта, але які? Вось каб сіняга неба кавалак ды Насьце на хустку.
Вось ужо й гушча лесу. Ой, які сёньня добры лес! Так і суне свае рукі-хвоі да Сьцёпкі прывітацца. Бачыш, чаго захацеў лахматы — і Сьцёпка сьвіснуў. Пакаціўся сьвіст па лесе і здалёку прынёс Сьцёпцы адказ. Тады толькі агледзіўся Сьцёпка і заўважыў, што ён ужо недалёка ад атраду Мухі. Зноў сьвіснуў Сьцёпка. Два разы коратка, адзін доўга — й пачаў перасьвіствацца, сыгналізаваць лес. Раптам ззаду сябе Сьцёпка пачуў голасны крык:
„Стой!“
Напалохаўся ад неспадзяванасьці Сьцёпка. Аглянуўся. Бачыць — дзьве вінтоўкі нацэлены на яго. Толькі раптам голас трымаўшага вінтоўку стаў нежны і просты.
— А, гэта ты, Сьцёпка, што з даручэньнямі ад Базыля ці што?
Дробненькія маршчынкі ляглі на твар Сьцёпкі. Ён увесь зжаўся ад болю й, моргаючы вачыма, каб стрымаць сьлёзы, сказаў:
— Няма ўжо больш Базыля.
Сьпяшаючы й блутаючыся, Сьцёпка апавядаў паўстанцам аб тым, што чынілася ў яго вёсцы. Абветра-