Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

А „Муха“ — няшчасны паручнік Ластоўскі — ляжаў у шпіталі. Толькі раніцою ён прышоў у сябе. І як толькі ён адчыніў вочы, яго ўзялі на дапрос.

Дарэмна кляўся на дапросе „Муха“, што ён — ня ён. Яму ня верылі. Але ўсё-ж згадзіліся даць вочную стаўку з яго таварышамі па арміі, якіх ён пералічваў.

Таварышы паручніка былі вызваны і ні адзін з іх ня прызнаў у гэтым затрыманым Муху. Усе яны пазналі свайго быўшага таварыша, паручніка. Ластоўскага. Памылка была відавочная.

Паручніка перавялі ў другі шпіталь, а аб гэтай гісторыі было прыказана пад страхам вялікай карнасьці маўчаць. А яшчэ праз дзень паручнік, хоць і ледзьве перасуваўшы ногі, але ўжо быў на волі.

Атрымаўшы патрэбны лік жандараў, ён, яшчэ па гарачых сьлядох запекшайся крыві, кінуўся шукаць Муху.

Паручнік Ластоўскі моцна, моцна імкнецца адплаціць Муху за ўсе тыя крыўды, якія, дзякуючы яму, ён цярпеў…

10

Наста, дзяўчынка з прамяністаю павалокаю вачэй, з чорнымі кудзеркамі, з адкрытым тонкім, нібы вытачаным тварам, увесь час сядзела над ложкам, дзе ляжаў хворы паранены вайсковы. Яе вочы, як падаючыя зоркі, сьцякалі іскрыстымі сьлязамі, калі яна бачыла мучэньні гэтага бледнага русакудрага юнака. У сэрцы Насты, нібы ў рабінавай ночы, неяк неспадзявана нават для яе, пачалі папыхіваць зарніцы каханьня да гэтага маладога параненага.

Шалёнае сэрца дзяўчыны, нібы ня бачыць яго, яго вопратак, вопратак вайсковага, вопратак польскага афіцэра, вопратак ворага рабочых і сялян.

Сьціснула зубы дзяўчына. Патускнелі вочы. Не, не, яе вочы нічога ня скажуць іх ворагу.

А ў сэрцы сапраўды мора, бурлівае мора. Запела дзікую хвалёвую песьню сэрца дзяўчыны, запела, як ні разу, як ніколі…

А вораг, малады ды статны, ляжыць, зачыніўшы вочы. А боль мусіць вялікі, ой вялікі. Сэрца дзяўчыны гэта ведае.

У гэты час стары чыноўнік зусім зьбіўся з панталыку. Што рабіць? Параненага, чуць жывога, бяз сіл, ён бязумоўна павінен быў прытуліць. Ну, а далей? Што