Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/28

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Вось і цяпер бацька канчаў ужо трэцюю шклянку гарбаты, калі Наста, якая сядзела каля вакна, сказала:

— Тата! глядзі, вось каля нашага току нехта йдзе.

— Ну дык што! Няхай сабе йдзе. Ці мала цяпер тут ходзіць рознага народу!

— Але гэты неяк дзіўна йдзе. Пройдзе некалькі крокаў, а потым, нібы падаючы, хапаецца за плот… Тата, тата, ён паваліўся!.. — ускрыкнула дзяўчынка і, выскачыўшы з хаты, пабегла да таго месца, дзе паваліўся гэты дзіўны падарожнік.

9

Праз хвілін дваццаць спынілі жандары страляніну. Дый навошта-ж страляць, калі ў іх руках Муха.

— Што, Муха, далятаўся? — са сьмехам запытаўся адзін з жандараў і пад нос палоннага паднёс нагайку.

— Усып, усып крыху яму, каб пазнанцаў памятаў! — гагатала раць жандараў.

— Двадзесьце пеньць! на месцы! — загадаў стаяўшы на чале атраду камандзір.

І, ня гледзячы на крыкі і пагрозы палоннага, яго разьдзелі й пачалі катаваць.

— Я — паручнік Ластоўскі! Я — паручнік польскай арміі! Вы будзеце адказваць перад законам! — задыхаючыся крычаў няшчасны палонны.

Голас яго быў такі жаласны, што нават жаўнер, які адлічваў удары, спыніўся.

— Ну, чаго-ж стаў? — запытаўся афіцэр.

— Бі!

— Досыць ён ужо хлусіў нам. Біць — за тое, што адважыўся назвацца паручнікам польскай арміі. А назавецца гэнэралам — яшчэ дваццаць пяць. Ну, пачынай адлічваць зноў дваццаць пяць, бо там, здаецца, зьбіўся.

І зноў засекла нагайка. Кроплі чырвонай крыві істужкамі паляглі па целе паручніка, але ён ужо маўчаў, лежачы бяспрытомна. Пад вечар, зьбіты да шчэнту, паручнік ляжаў у шпіталі.

І зноў крычалі вялікімі літарамі польскія газэты:

МУХА ЗЛОЎЛЕНЫ.

Учора, пасьля перастрэлкі з жандарамі, схоплен вядомы атаман Муха. У хуткім часе над ім адбудзецца вайскова-палявы суд. Лягчэй цяпер уздыхне войска на ўсходніх крэсах. Мухі ўжо больш няма. Уладай прыняты крокі да зьнішчэньня яго атрадаў…