8
У додніку прасыпалася вёска. Прасыпалася палахліва, трывожна ўздрыгваючы сівенькімі валасамі саламяных стрэх.
Вось ужо і коміны — люлькі вялізныя — закурылі ў паветра круцёлкамі дыму. А ясакары са сну ўсё яшчэ церабілі свае зялёныя галовы і з леньню пацягваліся. Толькі вераб‘і з надзвычайна паважным відам, нібы камісары ў абдзёртых кожкуртах, пачалі выходзіць на працу. У хатцы на канцы валасной вёскі жыла невялікая сям‘я паштовага чыноўніка, сям‘я з трох чалавек: старога чыноўніка, яго жонкі і дачкі Настулі. Стары чыноўнік, увесь свой век ня згібаўшы карка ад працы, дрэнна разьбіраўся ў тым, што навокал яго дзеецца. Ён бачыў толькі адно, што „палякі“ нападаюць на „Расію“ і быў дужа рад, што іх пачалі сьціскаць „расійскія войскі“.
На месцы гэтага паведамлення павінна быць выява. Аднак тэрмін аховы правоў аўтара не закончыўся, таму яна не можа быць змешчаная тут. Калі выява пяройдзе ў грамадскі набытак, просьба на месцы гэтага шаблона паставіць {{Няма выявы}}. |
Маладая-ж Наста ўжо досыць разьбіралася ў тым, што гэта — барацьба клясаў. Яна была дзяўчынай сьвядомай. Усёю душою яна жадала, каб чырвоныя ўзялі верх; апрача таго Наста была шчыраю беларускай. Наста ня цуралася сваёй мовы і заўсёды гаварыла выключна пабеларуску, што вельмі абражала бацьку, які жадаў, каб яго дачка была „паненкаю“, а яна — на табе, усё роўна як „простая мужычка“.
Гэткія маленькія нязгоды жылі ў сямі паштовага чыноўніка, гэтымі нязгодамі было запоўнена духоўнае жыцьцё гэтай сямейкі. Але, ня гледзячы на ўсё гэта, сям‘я жыла вельмі дружна і спакойна: учора, як сягоньня, сягоньня, як учора.