Нахмурыўся Муха, нібы сэрца сваё ў ціскі ўзяў.
— Эх, ня веру я ніводному твайму слову. Пан і мужык заўсёды — ворагі. Але навошта ты, такі нікчэмны, патрэбен чырвоным? Скажуць, што дзяцей прыводжу. Ну, бывай, калі так… — і, кінуўшы афіцэра на зямлю, Муха пашоў. Але, прашоўшы некалькі крокаў, зноў застанавіўся і чагосьці палез у кішэню.
Перепалоханы паручнік, у якога душа зноў увашла ў пяткі, яшчэ галасьней заплакаў і, зусім поўзаючы на каленях, пачаў прасіць:
— Не чапай мяне…
— Ды чаго ты? — крыкнуў Муха… — Ніхто цябе не чапае. На вось табе з тваёй-жа кішэні хустачку, яна мне не патрэбна. — Сказаўшы гэта, Муха хуткімі крокамі крануўся ў дарогу.
Паручнік, агледзіўшыся ва ўсе бакі і ўбачыўшы, што навакол Мухі ўжо сапраўды няма, пакрыху пачаў супакойвацца, хустачкай выціраючы сьлёзы. Нарэшце зусім супакоіўся і пачаў падымацца, але заўважыў, што з розных бакоў на яго глядзяць ствалы рэвольвэраў.
— Рэнцы до гуры, ні з месца! — загадаў голас.
Паручнік спачатку сеў на сваё месца і зноў узяў хустку ў рукі, але, заўважыўшы, што гэта-ж свае родныя жандары — горда закрычаў:
— Я паручнік польскай арміі! Мяне не чапаць!
Хутчэй страляйце вунь у той бок, туды толькі што ўцёк Муха. Я ўвесь час трымаў яго за глотку, але-ж аднаму нічога не зрабіць…
Жандары хоць і не паверылі словам абарванца, што ён паручнік польскай арміі, але, на ўсякі выпадак, па ўказанаму напрамку адкрылі страшную страляніну…
А Муха гэтым часам здалёку ўжо заўважыў хаткі нейкай вёскі, але сілы пакідаюць яго. Яго вайсковы мундзір быў увесь у крыві. Зноў, бачыць, некалькі шальных куль заселі ў яго грудзі.
Толькі-бы стрымацца, думаў Муха.
Толькі-бы дайсьці да вёскі… Але разам з крывёй выцякалі і сілы з гэтага магутнага чалавека.
Не, не, не данесьці яму ў гэты раз папер, што каля сэрца засачыліся крывёю.
Сілы пакідаюць, апошнія сілы…
А вёска во, во ўжо зусім блізка… Але й на некалькі крокаў не хапіла сіл.
Муха бяз сіл, сьцякаючы крывёю, зваліўся…