ліст, бо я папольску пісаць ня ўмею. Гаварыць магу а наконт граматы, дык усё роўна, як ты наконт вайны. Ну, садзіся-ж, альбо… — і паручнік замахнуўся бомбай…
Чалавек у зрэбнай вопратцы, схіліўшы галаву, падышоў к сталу.
— Садзіся! Ну, вось так! Бачу, ты не такі ўжо і дурны, як здаешся. Ну, бяз спрэчак! Бо гэта ўжо мне не падабаецца. Пачынай!
„Гэнэралу Доўбар-Мусьніцкаму
ад Мухі.
РАПАРТ № 17.
Гэтага дню я знаходжуся ў раёне IV баявога вучастку. Сягоньня ты па тэлефону перадаваў мне падзяку“.
— Ну, чаго стаў? Пішы далей, скамандаваў „паручнік“.
І пяро зноў заскрыпела:
„За гэта зараз з камандзірам IV баявога вучастку і яго гасьцямі вып‘ю за тваё здароўе. Але-ж сяброўства-сяброўствам, а суд — па форме. Як пабачу цябе, дык абавязкова заб‘ю. Бо ты варт гэтага. А газэты ты гэта дарэмна паведаміў, што я забіты. Ты не сярдуй на гэтага камандзіра ІV-га вучастку. Ён ня дурней за цябе. Спадзяюся, што з табою таксама пабачымся. А пакуль — бывай!
Муха“.
Муха заўсёды меў звычай пасылаць рапарты „па начальсту“ аб сваім прыбыцьці. Гэтак ён і цяпер зрабіў. Ліст быў напісаны…
— Стаў кропку і пішы адрас, — сказаў ён. — Ну, вось і ўсё. А цяпер пойдзем вячэраць, бо там нас чакаюць. Толькі глядзі — адно слова — і… ніводнага не астанецца.
І ўзяўшы прыбегшага пад руку, ён пашоў з ім у салю.
— А мы хацелі ўжо пасылаць за вамі, — сказала пані Бжазінская. — Ну, як-жа ня сорамна вам на такі доўгі час пакідаць нас адных?
— Выбачайце, — адказаў паручнік. — Гэта мой, як яго… дзяншчык прыбег. Ён думаў, што я згінуў…
Той, каго паручнік назваў дзяншчыком, рвануўся ў бок афіцэра. Але „афіцэр“ доўга і ўважліва глянуў на яго і „дзяншчык“ сеў. Паручнік казаў далей: