слоў. Усе змоўклі, бо ведалі, што гэта весткі з фронту. І мусіць важныя, калі к гэнэралу зьвяртаюцца пры вячэры.
Выслухаўшы веставога, гэнэрал сказаў:
— Заві яго ў мой габінэт. Няхай крыху пачакае.
Веставы зазьвінеў шпорамі і вышаў. Усе глядзелі на гэнэрала, чакаючы яго слоў.
— Выбачайце, — сказаў гэнэрал, — я на хвілінку павінен буду вас пакінуць. Мяне па нейкай сьпешнай справе патрабуе якісьці чалавек, — і, зьвярнуўшыся к паручніку, гэнэрал дадаў: — кажа, што з дужа важнымі весткамі ад прыдняпроўскай заставы, тэй самай, якой вы камандавалі.
— Дык тады дазвольце, пан гэнэрал, мне пайсьці пагаварыць з ім і далажыць вам, у чым справа, — няўздрыгануўшы ні адным мускулам, сказаў паручнік.
— Калі пан паручнік хоча збавіць мяне ад гэтай працы, дык проша. Ідзеце.
— Я спадзяюся, панове, — зьвярнуўся камандзір да ўсіх, — што выкажу наша агульнае жаданьне, калі запрашу пана паручніка і другога яго таварыша з прыдняпроўскай заставы сюды на вячэру — хто-б ён ні быў.
— Калі ласка, калі ласка… — адказалі „панове“.
Паручнік падняўся з-за стала і пашоў у габінэт. Увашоўшы ў габінэт, паручнік адразу-ж зачыніў за сабою дзьверы.
У габінэце, адзін аднаго зараз-жа пазналі.
— На якой падставе ты ўцёк з палону? — сярдзіта запытаўся той, што быў у вопратцы афіцэра.
Стаўшы насупроць паручніка, чалавек не на жарты струсіў. Губы яго затрасьліся і ён маўчаў.
— Ну, ты весялей паглядывай. Не саром маёй вопраткі, — загадаў паручнік. — Зрабіў табе гэткую пашану, адзеў сваю вопратку, дык умей-жа насіць яе! Але няма часу з табой доўга гутарыць. Слухай! Ну, ды падраўняйся-ж ты хоць крыху. Сьмялей! Але-ж памятуй. Калі ты ня будзеш гаварыць усё тое, што я буду гаварыць, дык я цябе, як і твайго гэнэрала, прыстрэлю. Во, бачыш бомбу? Як толькі ты якую бязглузьдзіцу пачнеш гарадзіць, дык гэтай бомбай табе па лбу і запушчу. Зразумеў?
— Зразумеў, — адказаў той, убачыўшы, што паручнік не жартуе.
— Дык памятуй-жа! Толькі слова — і ніводнага ў жывых не астанецца. Ну, а пакуль-што садзіся і пішы