— Ён, бачыце, думаў, што я згінуў, змагаючыся з Мухай, ну і прыбег з пераляку да самога гэнэрала.
Заўважыўшы, што ўсе з прыкрасьцю адварачваліся ад дзяншчыка, паручнік дадаў:
— Я-б яго ня прывёў сюды. Але-ж калі гэтакае было жаданьне ўсіх — я яго выканаў…
А ў „дзяншчыка“ мігацелі думкі. Не, не, ён ужо больш ня можа цярпець гэткіх зьдзекаў. Ён рашыў вось зараз-жа ўстаць і ўголас сказаць грамадзе, што тут сярод іх сядзіць Муха, а ён зусім не дзяншчык, а сапраўды польскі афіцэр — дваранін Ластоўскі.
Але паручнік „усё“ гаварыў:
— Бальшавікі схапілі ў часе налёту майго дзяншчыка. Аграбілі. Зьнялі яго вопратку. Зьдзекваліся над ім. Катавалі. І ўрэшце гэта крыху адбілася на яго мазгох. Ён, я заўважыў, пачынае крыху загаварвацца.
— Ты брэшаш, Муха! — крыкнуў ва ўвесь голас „дзяншчык“
— Ну, вось, самі бачыце! — сказаў паручнік і адначасова так сьціснуў руку „дзяншчык“, што той зноў схіліў галаву і змоўк.
Але госьці досыць напалохаліся. Сядзець разам з „вар‘ятам“ ды яшчэ простага роду, з дзяншчыком — не, гэта-ж ні на вошта ня варта.
Дый сам паручнік убачыў, што далей заставацца тут нельга.
Вось чаму ў самым разгары балю ён падышоў да гэнэрала і папрасіў яго ў габінэт на пару слоў.
— З вялікай прыемнасьцю, — згадзіўся гэнэрал.
— Стась, пойдзем разам, — зьвярнуўся да свайго „дзяншчыка“ паручнік.
Але Стась не падымаўся. Тады паручнік падышоў да яго і зноў сказаў:
— Ты што-ж? не пазнаеш майго голасу ці што?..
Пасьля гэтага „дзяншчык“ устаў і разам з гэнэралам і паручнікам вышлі.
— Божа, якія зьверы бальшавікі, да таго катавалі чалавека, што ён розум згубіў, — шкадавалі дзяншчыка застаўшыяся госьці.
— Але які харобры паручнік! Як сьмела ён прымушаў змоўкнуць нават няпрытомнага.
— Якая моцная воля, якая воля! — шамкалі імянітыя старычкі.
У гэты час гэнэрал у сваім габінэце запрашаў пана паручніка сесьці.