— Што яны думаюць? — мігацела ў галаве „паручніка“. — Ды што думаюць? Вядома што: каб вам хутчэй прапасьці.
Ды і сам паручнік гэтак задумаўся, што чуць ня голасна сказаў апошнія словы…
— А вось, панове, і той афіцэр, за якога мы сягоньня падымалі шклянкі, — сказаў гэнэрал.
— О, які душка! — шапнула на вуха сваёй падрузе старая паненка.
А „душка“ ня ведаў, як стаць, што рабіць. Гэнэрал гэта заўважыў і, каб падбадзёрыць паручніка, сказаў:
— Вып‘ем, панове, за пана паручніка, у якім столькі-ж саромлівасьці, колькі і харобрасьці!
— Пані Бжазінская! — крыкнуў гэнэрал жонцы прэзаса мясцовай управы, — вазьмеце пад сваю апеку аднаго з самых харобрых маіх афіцэраў.
Пані Бжазінская захацела прыгожа ўсьміхнуцца, ад чаго яе твар стаў дужа падобным да твару малпы, і сказала:
— Пане паручнік! Слухайцеся загаду вашага камандзіра!
— Чорт яе ведае, чаго яна вяжацца да мяне, — думаў паручнік, — і што ёй адказваць трэба.
— Які прыгожы, які орыгінальны, — казала старая дзева сваёй суседцы. — Нікому, ніводнай паненцы „рэнчак“ не пацалаваў…
Прабраўшыся сярод гасьцей, паручнік падышоў да Бжазінскай і сеў.
— Пан паручнік, калі ласка, скажэце нам, як гэта вы Муху ўздужалі? Нас усіх гэта дужа цікавіць.
— Ды так, узяў ды й забіў! — адказаў паручнік, які ня ведаў з няпрывычкі, як тут трэба трымацца.
— Ох, які душка! — шапнула паненка сваёй колежанцы. — „Узяў, кажа, ды й забіў“. Мілы. Гэткая наіўная прастата і гэткая харобрасьць. — Мы вітаем вас, пан паручнік! Афіцэру, які забіў гэтага бандыта, мы гатовы ўсё аддаць, — прашаптала на вуха афіцэру нейкая дзева.
— Сволач! — падумаў паручнік, але прамаўчаў.
Паручнік дужа хацеў есьці. Але каля яго талеркі наклалі столькі відэльцаў, нажоў і нейкіх лыжачак, што ён ня ведаў, чым і за што трэба брацца, дзеля чаго сядзеў, нічога не бяручы ў рот.
Усё ішло добра. Вячэра была ў разгары. Цэнтрам агульнай увагі быў гэрой „паручнік“, калі ў пакой увашоў веставы і прашаптаў на вуха гэнэралу некалькі