Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Астаўшыся адзін, паручнік падышоў да вакна і глянуў у сад. Але ня сад цікавіў паручніка. Яго цікавіла вышыня ад вакна да зямлі. Вышыня, мусіць, была ня дужа вялікая, бо паручнік застаўся здаволены „выглядам саду“. Пастаяўшы крыху каля вакна, паручнік зачыніў на ключ дзьверы і лёг у ботах і ў вопратцы на чыстую засьцеленую белай капай пасьцель.

5

Вечар. Са ўсіх бакоў да гэнэрала — начальніка баявога вучастку — сходзяцца афіцэры…

Ня гледзячы на тое, што горад быў распаложан у прыфронтавай паласе, што за вёрст пяцьдзесят ад яго грымелі гарматы, жыцьцё ў горадзе цякло „памірнаму“. Польская буржуазія гуляла ва ўсю, нібы баючыся, што хутка пройдуць яе залатыя дні.

Усё больш і больш гасьцей прыбывае ў пакоі гэнэрала.

Мамашы цягнуць у залю сваіх кволых, падмалёваных дачок, спадзяючыся, як і пяцьдзесят год назад, знайсьці на гэткіх балях добрых „жаніхоў“.

Усе ўжо ведалі, што зараз к гэнэралу павінен прыйсьці малады афіцэр, які гэтак харобра забіў Муху. Усе жадалі хутчэй яго пабачыць… Але афіцэр нешта ня прыходзіў. Сам гэнэрал хоць і не паказваў выглядам, што ён чакае паручніка, але-ж сапраўды адцягваў вячэру, каб дачакацца дарагога госьця.

Час праходзіў. Афіцэра ня было… Чакаць далей было-б няўважліва к гасьцям і таму гэнэрал запрасіў усіх на вячэру. Селі за стол. Зазьвінелі шклянкі і бокалы.

Прапаную выпіць за паручніка польскай арміі Ластоўскага, пакончыўшага раз і назаўсёды з непакоіўшай нас Мухай, — жартаваў гэнэрал.

Усе ўважліва падняліся і выпілі.

У гэты час па вуліцы сьпяшыў, ледзьве ня бег, малады паручнік.

І як гэта здарылася са мною гэтак заспацца, — думаў ён. — Гэта ж ні да чога ня варта! Яны-ж маглі мяне схапіць, а я-бы нават і не прачнуўся…

Будынак гэнэрала быў заліты сьветам. Каля будынку па вуліцы праходзілі і праяжджалі на ізвозчыках людзі. Калі паручнік усходзіў на ганак, ён заўважыў, як ішоўшыя з таго боку двое рабочых злосна глядзелі ў вокны гэнэральскіх палацаў.