— Пан гэнэрал, даю слова афіцэра польскай арміі. Спадзяюся, пан гэнэрал, што гэтага будзе досыць.
— Сядайце, паручнік, — саўсім іначай загаварыў гэнэрал. — Дык кажэце-ж, кажэце!..
— Справа простая, пан гэнэрал. На чале іх атраду быў Муха. У сваёй звычайнай вопратцы… Белы саламяны капялюш, лапці, зрэбная кашуля. Я яго пазнаў па здымку. Ну, а апошняе — гэта ўжо абавязак афіцэра польскай арміі. Я кончыў пан гэнэрал. Цяпер я гатоў пайсьці пад суд!..
— О, не! Што вы, што вы, пан паручнік, — ледзьве не ўзмаліўся гэнэрал. — Выбачайце. Вашы заслугі перад айчынай вельмі каштоўныя. Вы зрабілі справу, за якую вам „Жэч посполіта“ скажа сваё „дзякуй“.
І, сказаўшы гэта, гэнэрал узяў у рукі трубку тэлефона.
— Дайце штаб арміі.
— Штаб арміі?..
— У тэлефона Доўбар-Мусьніцкі. Так. з вамі, пан гэнэрал, гаворыць камандзір IV баявога вучастку. Сам паведамляю вас, пан гэнэрал, аб тым, што паручнікам Ластоўскім, камандзірам прыдняпроўскай заставы, забіты атаман Муха. Так, так… Не, не, пан гэнэрал, гэта правілова. Паручнік Ластоўскі, забіўшы Муху, цяпер сядзіць у маім габінэце… Ці можна даць аб гэтым офіцыяльнае паведамленьне. Бязумоўна пад маю адпаведнасьць. Ваша — падзяка паручніку.
— Слухаюся, пан гэнэрал! Довідзэньня!..
— Ад гэнэрала Доўбар-Мусьніцкага вам, паручнік, падзяка… А зараз вось што… Вам патрэбен адпачынак, паручнік. Зараз, зараз я сам загадаю. Адну хвіліну, пачакайце, паручнік, — і гэнэрал вышаў.
Паручнік хутка глянуў ці шчыльна зачынены дзьверы і падыйшоў к сталу, на якім ляжалі паперы і карты. Крануў скрынку стала. Яна была адчынена. Разгарнуўшы паперы, паручнік здаволена ўсьміхнуўся і, паклаўшы частку з іх сабе ў кішэню, зачыніў стол Пасьля гэтага пашоў і стаў на старое месца.
Праз некалькі хвілін увашоў гэнэрал. Зьвярнецеся да майго ад‘ютанта. Ён вас завядзе ў пакой, а вечарам, калі ласка, забяжэце да мяне ў хату на шклянку віна.
— Слухаюся, пан гэнерал, — адказаў афіцэр і вышаў.
Пакой, у які завялі паручніка, меў прыгожы выгляд. Сінія абоі, кветкі, вокны ў сад супакойвалі думкі… Сапраўды хацелася адпачыць.