Перайсці да зместу

Старонка:Два (1925).pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Пан гэнэрал! Я згодзен пайсьці пад суд. Я згодзен панесьці кару. Але ж я павінен к сваім словам перад вамі, пан гэнэрал, дадаць тое, што і ўсякі другі на маім месцы нічога другога ня быў-бы ў сілах зрабіць.

— Раскажэце, як гэта здарылася!



— У гэты дзень мы не чакалі налёту, — адказў паручнік, — бо мы атрымалі праз сваіх людзей весткі аб тым, што бальшавіцкае войска ў ліку аднаго палка ў дваццацёх пяцёх верстах ад нас. Я патрэбаваў дапамогі і, вылічыўшы, што бальшавікі падыйдуць не раней, як раніцай, чакаў сваіх сіл. У горшым выпадку я лічыў, што я пратрымаю заставу, ня гледзячы на няроўныя сілы, да поўдня. І за гэты час некалькі соцень іх выб‘ю са строю. Бо перайсьці Дняпро — гэта ж ня гэтак-то лёгка. Але тут здарылася такая рэч, якой і я ніяк не магу даць тлумачэньня. Разарваўшымся снарадам, з якога хтосьці біў проста ва ўпор, была зьбіта наша гармата і побач яе стаяўшыя кулямёты. У гэты-ж час з лесу выбег нейкі атрад. Ну, нас засталася жменя, якая ўжо ня ў сілах была змагацца. Гэтым выбегшым з лесу атрадам камандаваў Муха…

— Зноў Муха?! — аж завыў, сядзеўшы да гэтага часу моўчкі, гэнэрал.

— Так, пан гэнэрал, зноў.

— Дакуль-жа гэта будзе, — схапіўся за галаву гэнэрал. — Шмат і бяз гэтага ўжо пабіў ён нашых „жолнежаў“. Досыць ужо! і чаго глядзіць дэфэнзыва, ня ведаю. Толькі грошы марнуе…

— Пан гэнэрал, але-ж вы не далі мне дакончыць. Мухі ўжо больш ня будзе.

— Што?.. — запытаўся гэнэрал і аж прыўстаў з крэсла.

— Кажу, ня будзе больш Мухі, бо я, пан гэнэрал, вось гэтым самым наганам забіў яго.

— Паручнік, тут жартам няма месца!