чырвонаармеец і зноў усхопіцца. Адчыніць вочы, не… усё спакойна. Палонны сьпіць. Засыпае і чырвонаармеец.
Ды палонны ня спаў… Ён пільна глядзеў за чырвонаармейцам. Яго ўвесь час непакоіла думка аб тым, што ў яго вопратцы, з яго паперамі пашоў у польскую армію яе вораг. Трэба як хутчэй перасьцерагчы дэфэнзыву. Трэба схапіць яго — гэтага лютага ворага польскай арміі. Афіцэр пазнаў незнаёмца. Не дарма-ж яго здымкі былі ў кожнага польскага афіцэра. Здымкі гэтага шалёнага селяніна, паўстанца, чыніўшага над панамі помсту за тое, што яны спалілі яго вёску. Афіцэр ведаў ужо, колькі соцень „жолнежаў“ і колькі гармат было адбіта ў палякоў, дзякуючы гэтаму партызану. Ён ведаў таксама, што дэфэнзыва ацаніла галаву гэтага паўстанца ў 10.000 залатых марак. Афіцэр ня спаў…
Заснуў чырвонаармеец. А прачнуўся — крык застыў у глотцы… Палоннага ня было.
4
Вартаўнік не адважыўся нават запытаць „пшэпусткі“ у маладога прыгожа адзетага афіцэра, які цьвёрдым крокам увашоў у штаб.
— Паведамце пана гэнэрала, што яго па сьпешнай справе хоча бачыць паручнік Ластоўскі.
Дзяжурны зазьвінеў шпорамі і, пастукаўшыся ў дзьверы гэнэрала — камандзіра баявога вучастку, увашоў.
Праз хвіліну ён вышаў і ласкава адказаў:
— Гэнэрал чакае.
Афіцэр нават поглядам не падзякаваў і ўвашоў у габінэт гэнэрала.
— Паручнік, гэ… гэ… як ваша прозьвішча?.. Выбачайце, паручнік, запамятаў…
— Паручнік Ластоўскі, — цьвёрда адказаў увашоўшы.
— Чуў, чуў… та-ак! Вы, паручнік, гэ… з якой часьці?.. Нешта ніяк у памяць ня прыходзіць.
— З прыдняпроўскай заставы IV-га баявога даверанага вам вучастку.
Гэнэрал нахмурыўся. Маршчынкі на лбу сабраліся ў печанае яблыка.
— Як гэта здарылася, паручнік, што вы здалі заставу гэтым хлопам? Ведаеце ці не, што вы за гэта будзеце адпавядаць перад рэспублікай?