Старонка:Дварчанін Багдановіч.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ваны край". Гэта край лясуноў, русалак, вадзянікоў, зьмяіных цароў, край сымболю, мітаў і прыроднай беспасярэднясьці, край чараў і сноў, урэшце край прыгожай мінуласьці. З якой любасьцяй і веданьнем справы апісуе ён Беларусь старых часоў. Вершы "Летапісец", „Перапішчык", „Слуцкія ткачыхі" і інш. - клясычныя ўзоры, да якіх яшчэ не даходзіў ні водзін з беларускіх поэтаў. Беларусь — гэта адзін дататні факт у думках Багдановічавых, да якога ён не прыкладае меркі рэлятывізму. Гэта яго ўцеха й надзея.

Мусім усё-ж тутака падчыркнуць, што Багдановіч любіць Бацькаўшчыну аднабакова. З вышыні інтэлігенцкага пагляду ён зачароўваецца ёю. Беларусь - ня край жывога прыгнечанага народу, які рвецца да волі, а нейкая цудоувая казка, водгук тых казак, якіх научыў Максіма яго бацька, зьбіральнік народнага творства. Сам Максім - царэвіч гэтай цудоўнай казкі. Ён не прыкмячае, што гэтая казка поўная драматызму, поўная вялізнага гора, поўная імпэту барацьбы. Ён гэтага ня бачыць, бо ён наагул ня знае вёскі. Але чаго мы можам вымагаць ад поэты, які чуе, як зоркі ўверсе дрыжаць ад ветру, які як пацеркі перабірае свае вершы, зьвяртаючыся да бога хараства. Гэта-ж яго ўся поэзыя ёсьць "Сомнамбул", чароўны гіпнотычны сон.

Багдановіч - поэта места. Места, вулкі Вільні, мескі гул яскрава адбівае наш пясьняр. Але і тут пясьняр бачыць толькі зьверхні выгляд, бачыць толькі красу. Ён ня бачыць, што гэтай красою прыкрыты стогны галодных і крыкі змучаных пралетарoў. Наагул соцыяльныя мотывы ня граюць ролі ў творах Багдановічавых. Селянін яго так эпічна спакойна лае аленяў, якія нішчаць яго дабрабыт ("Па ляду ў глухім бары"). У палёх нашаму песьняру чуецца разам са стогнам сьмех. Але мусім адзначыць хоць даволі рэдкія мамэнты соцыяльнага разуменьня. Ён заклікае паглядзець у студню, бо гэта студня і днём і ўночы адбівае зоры "Вы панове"). Нашыя продкі, у барацьбе за жыцьце, павырубалі лясы. І гэта прыклад для іх патомкаў, для нас. Ён з энтузіязмам выклікае навальніцу і цыклён, каб выцялі аб мора і зварушылі яго да дна, бо ён верыць, што тады мора выкіне з дна пэрлы. ("Устань, навальніца"). Ёсьць яшчэ некалькі вершаў, выяўляючых яго соцыяльную веру. Багдановіч, бязумоўна, стаіць на баку беларускіх працоўных масаў. Але гора іх не абходзіць яго так глыбока, як пісьменьнікаў сялянскіх. Ён прадстаўнік міжклясавай інтэлігенцыі. Ён хоча пераступіць роў, аддзяляючы яго ад пісьменьнікаў сялянскіх. Ён бачыць у сабе нейкія дзьве душы, якія сіляцца зьліцца, як тыя дзьве хмары ўгары. Але з гэтага паўстаюць толькі сьлёзы - дождж. ("Дзьве хмары").