Старонка:Дварчанін Багдановіч.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Прадчуваньне сьмерці выказаў ён і ў іншых вершах, як "Безнадзейнасьць", „Непагодаю маёваю", як здаецца, і у поэме "Максім і Магдалена". Урэшце шмат чаго ў яго поэзыі атулена празрыстай хмаркай прадсьмяротнвага суму.

Невялічкая кніжачка „Вянок" у 98 вершаў, 8 вершаў, раскіданых па часопісях, 5 расказаў ды некалькі крытычных і публіцыстычных артыкулаў - вось і ўсе, па чым мы можам судаіць аб творстве поэты, але затое гэта пэрлы беларускай поэзыі. Ды гэта яшчэ і не азначае, што гэта ўжо ўсё, што напісаў М. Б. У прысланых Інбелкультам сьпісе твораў песьняра значыцца яшчэ 124 вершы, ня лічачы прозы, крытычных твораў у расейскіх і украінскіх часопісяк. Калі прымем пад увагу кароткі век песьняра, то акажацца, што ня так ужо й мала ён нам пакінуў. Урэшце сіла ня ў лічбе, а ў якасьці.

Чым-жа дарагі нам пясьняр, памяць якога мы сягодня сьвяткуем?

Адказам на гэта мусіць быць разбор ягонага творства.

Прадстаўце сабе, што вы змалку ўвесь час жылі на вёсцы і нейкім чынам пападаеце ў места. Вас аглушае гоман, траскатня вулічнага руху, язды чыгункай, возьнікам, трамваямі; вас акружаюць асілкі-палацы; замест шырыні палёў бачыце цесныя вуліцы, замест дзікіх красак у палёх - клумбы й цьветнікі, дзе ўсё падрэзана, падгладжана, расьце ў парадачку, у радочку. Тое-ж самае з дрэвамі на бульварах: падрэзаныя галінкі, пабеленыя камлі, між імі вымеценыя, пасыпаныя пясочкам дарожкі. Падвойнае чуцьцё ахапляе вас. Усё гэта з няпрывычкі вас глушыць і душыць, але для вас адчыняецца новы, дасюль невядомы для вас сьвет, сьвет места, сьвет працы чалавечага розуму, сьвет культуры...

Вось такую перамену бачым мы пры пераходзе ад чытаньня твораў іншых нашых пісьменьнікаў да твораў Багдановічавых. Усе нашы пісьменьнікі выйшлі з вёскі, з сялянскіх хат. Вёска не валадае сяродкамі вялікай адукацыі, не дала яна гэтага й нашым песьняром. Багдановіч, наадварот, высокаадукаваны чалавек.

Калі ўзяць у рукі „Вянок", то нам кінуцца ў вочы напісы перад кожным амаль з вершаў, выпісы з твораў іншых пісьменьнікаў (мотто). Нас зьдзівіць, што гэтыя мотто напісаны на розных мовах. Гэта паказуе, што наш пясьняр чытаў творы гэтых пісьменьнікаў на тэй мове, на якой яны пісаліся, і гэта ў вялікай меры сьведчыць аб яго адукаванасьці, бо значыць, што ён ня толькі чытаў у чужой мове, але і адчуваў усе тонкасьці й красу іх. Напісы знаходзім у італьянскай, лацінскай, францускай, нямецкай і іншых мовах. Апроч таго, М. Б. перакладаў з украінскае мовы. Ёсьць весткі, што ён перакладаў най-