Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/191

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рабіў усё, што рабілі браценьнікі пасьвіў коні, ганяў авечкі, вазіў гной і г. д. З 16-х гадоў жыцьця (1902 г.) працаваў Прушынскі, як сталяр, ў розных майстэрнях Менска, паміж іншым быў модэльшчыкам на фабрыцы Івана Шышлы, і так бязвыезна прабыў у месьце аж да 1907 г. Увесь гэты час ён шмат чытаў для самаадукацыі і разьвіцьця. Увайшоўшы ў 1904 годзе ў менскую арганізацыю соцыялістаў-рэволюцыянэраў, Прушынскі вёў да 1907 г. пропаганду і сярод менскай вучнёўскай моладзі і работнікаў, часам, але дужа рэдка, выходзіў і на вёску. Найлепей удавалася яму арганізовываць моладзь ў вучнёўскія рэволюцыйныя гурткі. У 1907 годзе, 4-га сакавіка (ст. ст.) паліцыя накрыла поэта-агітатора ў нелегальнай друкарні. Яго арыштавалі, пасадзілі ў асобную камеру вайстрога ў Менску і аддалі пад суд. З гэтае пары пераламалася жыцьцё Прушынскага—з аднэй, быць можа, карысьцю для яго, што стаў пільней займацца сваімі творамі. Здольнасьць да пісаньня вершаў была ў яго змалку, але спачатку Прушынскі пісаў іх памаскоўску і пераважна ў гумарыстычным тоне. З уваходам яго ў партыю, творчасьць прыняла сур‘ёзны і рэволюцыйны кірунак. На шкоду, усе яго вершы таго часу пагінулі. Пісаць пабеларуску Гарун пачаў з 1905 году, а беларускае друкаванае слова першы раз увідзеў у 1903 ці 1904 годзе, прыпадкова знайшоўшы абадраную, запэцканую, без пачатку і канца, цікавую кніжку, друкаваную лацінкай. Як надта вялікі ахвотнік да чытаньня і ўважны цікун да ўсякага друку, ён пачаў чытаць і гэтую кніжку, думаючы, што яна польская. Але з першых-жа прачытаных слоў нязвычайна зьдзіўлены хлапец пачуў, як неўспадзеўкі закалацілася яго сэрца, на вачох, няма ведама чаго, накруціліся сьлёзы. Перад вачмі было тое, чаго ніколі ня бачыў: сваё роднае, хатняе друкаванае слова! Гэта было, як поэт пазьней даведаўся, старое выданьне повесьці „ГапонМарцінкевіча. У 1905—1906 гадох напісаў ён і пашыраў сярод моладзі і работнікаў некалькі соцыяльна-рэволюцый-