Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

торую паказуюць „пачуцьці мацеры у вобліку дзяўчыны“. Гэтыя-ж апавяданьні сьведчуць аб здольнасьцях поэта ў эпосе.

2). Поэзія Багдановіча з пазьнейшага часу, мяркуючы толькі па выпадкова друкаваных яе кавалачках, сьведчыць, што паэт цьвёрда ўзыйшоў на народны шлях творчасьці („Максім і Магдалена“ і іншыя поэмкі, „Страцім-лебядзь“) і яшчэ глыбей праняўся ідэяй беларускага адраджэньня („Пагоня“). Прыгожыя й мастацкія невялічкія поэмкі Багдановіча вызначаюцца чыста-беларускім складам вершаваньня, і такой-жа духоўнай стараною творчасьці, так што ў любой мове яны застануцца беларускімі. Да прыкладу, поэмка. „Максім і Магдалена“ напісана так, што і зьмест, і абразы, і звароты мовы — беларускія, а верш то нагадуе нашу народную песьню (пачатак поэмы, пяяньне і граньне Максіма на цымбалах перад сьмерцю і інш.), то народныя прычытаньні на хаўтурах ці на раданіцу на могілках па нябожчыку (зварот Максіма да сваіх дзетак), то што-небудзь іншае з народнай ці старадаўнай кніжкай беларускай творчасьці. „Страцім-лебядзь“—яшчэ лепшая ў гэтым кірунку спроба. Гэта вельмі прыгожы пераказ апокрыфа, напісаны з сьмелым поэтычным размахам, а чыстым „беларускім складам“.

3). Проза Багдановіча падобна да яго вершаў. Яго думкі аб высокім значаньні поэзіі, выказаныя ў розных вершах, знаходзім таксама і ў „Апокрыфу“, напісаным прозаю („Калядная пісанка“, 1913 г.). Яго стылізацыю мовы знаходзім ў „Апавяданьні аб іконьніку, і пазалотніку“, напісаным моваю старых грамат і статутаў („Н. Н.“ 1914 г., № 7). Прыгожыя апісаньні ў прозе знаходзім у яго „Шамане“, дзе відзім і глыбокую думу, а іменна жаданьне знайці зьясьненьне для нацыянальнага пачуцьця і ілюстраваць тое зьясьненьне.

Тэхніка вершаваньня, якой вымагаў ад сябе Багдановіч, павінна была быць дасканальнай. Як глядзеў ён на тую справу, відаць з верша „Песьняру“, дзе сказана, што слабы верш заўсягды разаб‘ецца аб цьвёрдыя людзкія сэрцы, ня збудзіўшы ў іх сумленьня, што „трэба з сталі каваць, гартаваць гібкі верш, абрабіць яго трэба з цярпеньнем“. Аб вершах Багдановіча З. Бядуля пішаць так, што яны „строга кароткія, ярка абразныя і рэльефна-выразныя. Нідзе ў іх нельга ні адбавіць, ні прыбавіць. Гэта старасьвецкія гравюры з памастацку стылізаванымі орнамэнтамі“. Гэта дзеля таго, што „поэт валадаў тайнай гармоніі і рытмікі, як лепей ня трэба“.