Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1921).pdf/171

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

люцыі, ён то гоіць больку свае ўсеаб‘емлючае нацыянальнае душы бічаваньнем „беларускіх сыноў“ у войстрай, пякучай сатыры („Беларускія сыны“, 1919 г.), то з трагэдыяй вялікага духа ўзьлятае ў вечнасьць і адтуль маркотна аглядаець цярнёвы шлях, па якім вёў ён свой народ з эгіпецкае няволі („Мой сьцень“). Соцыяльны элемент ёсьць важная складаная частка ўсяе творчасьці Купалы. Нацыяналізм яго грунтуецца, як зазвычай у беларусаў, таксама на соцыяльных пытаньнях; ён не выглядае ў Купалы як нешта паасобнае, а заўсёды зьвязуецца ў яго з думкай аб родным народзе і яго соцыяльным стане ў вадно непадзельнае цэлае. Чуць ня кожны верш песьняра,—а ці-то апісаньне прыроды, побыту, праяў жыцьця, а ці-то чаго іншага, — маець стульны зьвязак з соцыяльнымі пытаньнямі. Вышэй за ўсё ставіць поэт працу, каторая мяняе навет самы выгляд зямлі, толькі ня можа зьмяніць горкага мужыцкага жыцьця на лепшае. Апісуючы такое жыцьцё з усіх бакоў, пясьняр відзіць прычыны злыдняў у нацыянальнай няволі, у мужыцкім беззямельлі, у поўнай залежнасьці мужыка ад панскай ласкі, ў адміністрацыйным безгалоўі, у народнай несьвядомасьці у цемнаце, у гарэлцы. У сучаснай соцыяльнай будове беларускага жыцьця Купала відзеў выключна ўсё дрэннае, дык і лірыка яго засмучоная. Вясёласьці ў яго поэзіі няма. Тон яе заўсёды аднавагам маркотны. Соцыяльныя злыдні зрабіліся такімі звычайнымі, што не ўзварушаюць поэта на вялікі гнеў з запалам; Купала хавае сваё абурэньне ў сваім смутку і вылічае крыўды даволі спакойна ці з панурай іроніяй. Соцыяльны элемент творчасьці Купалы разьліт у большасьці яго лепшых вершаў, асабліва ў бытовых апісаньнях, апісаньнях працы, а найпаўней ён выказан у такіх лірычных рэчах: „З песьняў беларускага мужыка“, „З песьняў мужыцкіх“, „Ах, ці доўга…“ „На польскую ноту“, „Эй, восень, восень…“, „Аб мужыцкай долі“, „З песень беззямельнага“ і інш. У соцыяльнасьці творчасьць Купалы маець часам агульныя азнакі з творчасьцю Багушэвіча. Прыроду Купала рэдка апісуець, як мастак чыстага мастацтва. Тады, як у Коласа яна часта малюецца дзеля яе хараства, у Купалы такіх апісаньяў блізка што няма; ён і тут найчасьцей творыць, як грамадзянін і адраджэнец. („Прыйша зіма халодная“… Явар“ і інш). Пазьней у яго зьяўляюцца вельмі мастацкія абразкі прыроды, зьвязаныя з асабістымі перажываньнямі песьняра, з яго настроямі і жаданьнем паказаць таёмны дух прыроды, каторы ня можна перадаць звычайнаю моваю і пеўнымі разуменьнямі. („Адцьвітаньне“, „На склоне лета“, „Сьпека“, „Восень“, „З асеньніх напеваў“, „У вечным боры“, „Лясун“, „Чорны бог“ і інш.). Вельмі дасканальны верш „Адцьвітань-