Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/196

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яму. У вастрозе пачалася яго літэратурная праца. У 1914—1915 г. г. ён напісаў спачатку папольску, а патым перарабіў пабеларуску сваю п’есу „На Антокалі“. Інтэнсіўная, запраўдная праца Аляхновіча для беларускае літэратуры і наагул усяе справы пачалася ў часе нямецкай окупацыі. Ён ладзіць у Вільні беларускія спэктаклі, арганізуе трупу, пішаць для беларускай сцэны, і за 1916—1917 г. г. з-пад яго пяра выходзіць шмат сцэнічных рэчаў („На вёсцы“, „Бутрым Няміра“, „Манька“, „Калісь“, „Базылішк“). Але матар’яльныя варункі страшна цяжкія, і Аляхновіч малюе шыльды (вывескі), служыць у міліцыі, пасьля працуе ў магістраце як кантралёр электрычных лічнікаў, а змучаны віленскай галадоўляй едзець у Чорны Бор, пад Вільняй, у беларускі дзіцячы прытулак, як беларускі вучыцель, пазьней служыць у пажарніцкай камандзе як пажарнік. Дачуўшыся аб шырокай беларускай рабоце ў Менску, Аляхновіч без нямецкага перапуска, пехатою, бяз гроша ў кішэні пусьціўся ў дарогу. Перапрануўшыся за хурмана, ён з нейкімі засьцянховымі шляхцянкамі перабраўся цераз лінію старога фронту (каля Маладзечна) і абарваны, босы, з ранамі на нагах, посьле васьмёхдзённай падарожы прыйшоў у Менск. Там ён паставіў свайго „Бутрыма Няміру“ і так споўніў яго роль, што адразу здабыў вялізны пасьпех. Менскі беларускі тэатр ажыў. Тут-жа Аляхновіч напісаў яшчэ колькі рэчаў („Чорт і баба“, „Страхі жыцьця“, „Дзядзька Якуб“). У вясну 1919 г. ён вярнуўся ў Вільню (пры бальшавікох), а з прыходам польскіх легіонаў пачаў выдаваць і рэдактаваць ілюстрованую часопісь „Беларуское жыцьцё“. Апрача драматычных твораў, Аляхновіч пішаць апавяданьні („Пісьмы да яе“ — 1918 г., „Дзіцячыя сьлёзы“ — 1918 г.) і лірычныя вершы пад псэўданімам Монвід („Ты, Вільня, мяне ўзгадавала“, „Як памру“ і інш.).

На Антокалі (1914—1915 г.г.) — п’еса ў 3 актах з пяяньнем і скокамі. Яна была надрукавана ў „Гомане“, а ў 1918 г. выйшла асобнай кніжкай. Пастаўленая на менскай беларускай сцэне, як опэрэтка, яна здабыла сабе вялікі пасьпех і займае пачэснае места ў беларускім рэпэртуары. П’еса маець і добрыя літэратурныя вартасьці. Гэта — надта добра зробленая, мастацкая фотографія жыцьця віленскіх жыхароў прадмесьця Антокаля. П’еса была-б дужа паважнай бытавой комэдыяй, каб не яе опэрэтачная лёгкасьць і некаторая павярхоўнасьць ў псыхолёгічных зарысоўках апісаных людзей. І ня гледзячы на гэта, маем у ёй колькі мастацкіх тыпаў, што як жывыя стаяць уваччу. Першым з іх па значаньню стаіць Ігнат Радзівіловіч, бо найлепей паказан з псыхолёгічнага пагляду. Немалады ўжо