Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/129

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Восіп Арлоўскі.

У 1908 годзе ў Полацку выйшаў першы том „Беларускіх народных расказаў“ Восіпа Данілавіча Арлоўскага, каторыя пакідаюць сьлед у гісторыі беларускай літэратуры пракуднасьцю сваіх думак, бо другой вартасьці яны ня маюць, а з тэхнічнага боку стаяць так нізка, што могуць сьведчыць аб поўным няўмецтве аўтора. Напісаны расказы нібы- то вершам і беларускай народнай моваю, але навет абы-якая народная рытміка верша тут рэдка захована як мае быць, рыфмаваньне дужа прымітыўнае з найбольшым ужываньнем дзеясловаў, а часам між радкоў верша ёсьць і вялікія кавалкі прозаічнай мовы. Што датыча беларускага народнага слоўніка, дык ён тут даволі багаты, але Арлоўскі ня мае ніякага разуменьня і аб літэратурнасьці мовы, дзеля таго іншыя людзі, асабліва паны і начальства, гавораць у яго страшна брыдкім жаргонам; ды й сам аўтор, каб паказаць сваю адукаванасьць, са смакам ужывае перакручаную маскоўскую і польскую гутарку. Кніга яго, апрача таго, выдадзена, як відаць, зусім без карэкты. Але нічога ня знаючы аб самім аўтору, трудна зразумець ці неяк здагадацца, чаму яго кніга з дзівосамі. Расказы Арлоўскага, — бясхітрасная ідэолёгія мужыцкай Беларусі з часу пасьля вольніцы і да першай рэволюцыі, а напісаны яны тады, калі ідэолёгія гэтая дажывала свой астатні час. Арлоўскі пісаў у вялікай прастаце, кожную рэч і справу мяніў ён уласным назовам, нічога не хаваючы, — казаў голую праўду так, як ніводзін інтэлігентны пісьменьнік ні сказаў-бы, ні напісаў-бы. Заўсёды маючы нахіл да сатыры, асабліва накідаецца ён на сучасную яму моладзь і наагул на ўсё маладое, новае. Так, ў адносінах бацькоў і дзяцей ён без міласэрдзьдзя бічуець і тых і тых, але болей злосьці маець на дзяцей. У вершах гэтага разьдзелу шмат горкай праўды і ёмкіх слоў. Бацька аб сыну кажаць так: „Ні бацькі, ні маткі ўжо ня слухаець, мяне бярэць ужо за грудзі, — ці-ж гэта з яго ўжо будуць людзі? Ды старым дурнем называець, бо ўжо на сілу надзею маець. Як у гэтай школе пабыў, дык і на работу забыў. У лапці ўжо ня хочаць абувацца, ды каб смачна нажрацца… Я, кажаць, цяпер ня панскі, а вольны і розум маю ужо поўны… Назаві яго: Мікіта, дык ён не адгукаецца, — я, кажаць, ня Мікіта. А я кажу: а хто-ж ты? А ён кажаць: я Нікіт, а ня Мікіта!“… І вось у той час, калі новая беларуская мужыцкая моладзь, пабыўшы ў войску, ў шахтах, ці паўчыўшыся тры гады ў маскоўскай, проці-беларускай школе, ужо ня хочаць працаваць, як бацькі, і так, як яны, хадзіць