Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/130

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

у лапцях і называцца пабеларуску Мікітамі, у гэты час старазаконны беларускі бацька бядуе і злуецца, раўнуючы сваё даўнейшае жыцьцё з цяперашнім маладым: „Ня добра, што няма на іх пана!“ Бо тады сын-распуснік ня быў-бы гэткі: „Не захацеў-бы ён у будні дзень боты надзяваць ды мылам рукі мыць па самыя локці, а пашоў-бы ён старожку і варту адбываць і скора-б ён папаўся-бы аканому у когці… Насіў-бы ён, юха, тое, што прыгожа мужыку: старую каліту і шабалтас; ды яшчэ рад-бы ён быў і аднаму гузіку[1], так, як бывала і ў нас“. Злосьць старога на маладых даходзіць да таго, што ён кажа: „Тады і сонца весялей сьвяціла, як сьвятая розга хадзіла“. Так казала канаючая, з непазбытай прыгоншчынай у душы Беларусь і гэтым самым капала між сабою і моладзьдзю непраходную яму. Адносіны бацькоў і сыноў Арлоўскі чапаў дужа часта ў розных сваіх вершах, гэта было для яго самае больнае пытаньне. Усюдых ён праводзіў думку старых: „Бог і цар даў нам слабоду, а маладзёж цаніць яе ня ўмеець“, — і даваў пры гэтым схэматычную і грубую, але з надворнага боку справядлівую і яркую карціну утварэньня з сялянскай моладзі „зброду“, гэта, значыцца, тых абломкаў, з якіх патроху ўзрастаў невялічкі сьвядомы элемент пролетар’яту („Пракоп“, „Бацька“, „Дзяніс“ і інш.). Разумеецца, Арлоўскі ня мог ахапіць гэты процэс утварэньня цаліком у яго гістарычным і соцыяльным значаньні і запісаў толькі тыя тыповыя драбніцы яго, што былі перад самымі вачмі: „Калі грошы троху агадаець, дык гайдачкі ў горад, а там у басякі пападаець…“ Старая мужыцкая Беларусь аднасілась няпрыхільна ня толькі да свае моладзі — „зброду“, але наагул і да ўсякае навіны, да ўсяго таго, што нішчыла даўнейшы уклад, выгляд і парадак жыцьця, што палохала сваёй незразумеласьцю старых, пабожных і забабонных, людзей. Так, Арлоўскі піша: „Ды яшчэ зялезныя дарогі каб нашы і вочы іх ня відалі, — нарабілі усім нам трывогі: багачам — грошы, а ўбогім бяды далі. Машыны паелі ўвесь лес…“ Старына містычна заўважае, што ад навіны пачаў мяняцца і выгляд зямлі: „Ужо многа каторыя рэкі саўсім ужо ўсохлі…“ І ўсё, адным словам, сьведчыць аб блізкім сьветапрастаўленьні: „На юбілеуш ксяндзы казалі, што езьдзіць вагняная печ, вот і дротам увесь сьвет перавязалі ды й на слупы лес сталі сеч. Відаць, прыходзіць нам канец і скора будзець страшны суд: антыхрыст падавіць нас, як авец, — бог пакажаць нам свой цуд.“ Ад гэткага містычнага настрою радзілася павышаная

  1. Заможныя і аляганты мелі па пяць вялікіх і бліскучых гузікаў на каліце пры паясе, а бедныя — меней.