Старонка:Гісторыя беларускае літэратуры (1920).pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

малююць людзей і стан жыцьця на Беларусі ў другой палавіне 19-га сталецьця, прычым пагляды аўтора маюць соцыяльную акраску; у мэмуарах шмат ёсьць біаграфічнага матар’ялу. Зьмест іх вельмі разнаабразны і цікаўны. Есьць і даволі мастацкія апісаньні (падарожа ў Кіеў на конях), але галоўная іх вартасьць літэратурна-гістарычная. Тагачасную кіеўскую моладзь аўтор славіць за дэмократычнасьць і хлопаманства. Аб сваіх часох ён піша гэткія ўспаміны: „Растучы, я разьвіваўся, а перада мною што раз харашэй рассьцілаўся сьвет; на царскім троне сеў слаўнай памяці Аляксандар Другі, насталі часы, аб каторых можна сказаць, што людзей нікчэмных тады ня бачылі. Ня стала-б паветра для подлых інстынктаў. Няхай цяперашняе пакаленьне заздросьціць, што я на гэта глядзеў сваімі вачыма“. Аднак, Абуховіч мусіў зазначыць, што міла было-б успамнаць патрыярхальныя часы праўдзівага дастатку і выгоды, каб ня дзьве асобнасьці тых часоў: дужа дрэнная ўлада і сьвіст розаг. З абурэньнем пішаць ён аб тым, як секлі яго сучасьнікі людзей, і падчырківае, што сярод такіх сучасьнікаў былі і экс-дзекабрысты! На ўспамінах Абуховіча адбілісь два галоўных наслаеньні веку: панскі романтызм і народніцкае „хлопаманства“; соцыяльнай сьвядомасьці Багушэвіча ён ня меў, таксама як і ясна вызначаных нацыянальных жаданьняў. Тымчасам яго пагляд на літэратурнае разьвіцьце беларускай мовы быў правільны і дальнавідны. Калі Багушэвіч заўважыў, што ў яго ня ўсюды бываюць „ўласьцівыя беларускай мове акцэнты“ (націскі), Абуховіч адпісаў так:

У гаворцы есьць разьніца,
Між маею і тваей:
Маей — пушчы, Пціч граніца,
Ты — панарскі салавей.

Дадаўшы да гэтага вершыка колькі слоў аб тым, што ў беларусаў ёсьць многа дыялектаў з розьніцай ня толькі ў акцэнтах, але і ў цікавых провінцыялізмах, Абуховіч піша гэтак: „Мне перш за ўсё ідзе аб тое, каб высказаць, што я хачу, каб пачулі мысьль маю і каб словы каранныя беларускія пры помачы нашай літэратуры атрымалі як найшырэйшае абывацельства. І дзеля гэтага я не сьцясьняю свайго дыялекту, ужываючы словы і звароты агульна-беларускія. Гэтак паступаючы, я кладу ў літэратуру свой прыродны дыялект беларускай мовы, даючы найлепшае з яго. У канцы невядома яшчэ, каторы дыялект беларускі пераможа. У Францыі — сьперша дыялект провінцыі Langen d’Oc меў перавагу ў францускай літэратуры, а пазьней — Langen d’Oni, цяперашняя францушчына. Гэта трэба памятаць і нашым літэратарам і пурытанізмам не забаўляцца!“