Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

і асобная краіна, але ўсё-ж такі яна зьяўляецца часьцінаю Рэчы Паспалітай. Што датычыць да беларусаў, то яны ёсьць частка польскай нацыі, ці, як тады казалі, беларусы ёсьць—«gente rutheni, nacione poloni». Ускосна да гэтай школы можна аднесьці і Адама Міцкевіча, у яго творах мы знаходзім шмат беларускіх малюнкаў і тэм; сваёю бацькаўшчынаю ён лічыць Літву, пад катораю разумее Беларусь, як непадзельную частку Польшчы.

Асабліва тыповым прадстаўніком пісьменьнікаў беларускай школы ў польскай літаратуры зьяўляецца Алесь Рыпінскі. У 1831 годзе ён прымаў удзел у паўстаньні, дзеля чаго павінен быў потым кінуць бацькаўшчыну і іміграваць у Парыж. Седзячы ў Парыжы, ён ня кідаў сувязі з Беларусьсю і Польшчай. У 1839 годзе ён у гуртку эмігрантаў чытаў лекцыі аб Беларусі, з якіх утварыўся першы як-бы падручнік па беларусазнаўству. Яго кніжачка была выдадзена ў Парыжы ў 1840 годзе пад назваю: «Bialorus. Kilka slow o poezii prostego ludu tej naszej polskiej prowincyi». Як відаць з самай назвы кніжкі, шляхціц Рыпінскі цікавіцца «простым людам», сялянствам Беларусі. Беларусь, на яго погляд, ёсьць толькі провінцыя Польшчы. Аўтар кніжкі лічыць, што сялянства Беларусі павінна політычна і культурна зьліцца з палякамі. Не дарма кнігу сваю ён пасьвячае «першаму з беларускіх мужыкоў, каторы навучыцца ўперад чытаць, а потым і думаць папольску». У сувязі з гэтым, Рыпінскі першы скарыстаў для беларускай мовы польскія літары, дадаўшы да некаторых з іх асобныя адзнакі. Гэтаю азбукаю, крыху пераробленаю, беларуская мова часта карыстаецца і ў нашы часы, асабліва пры пашырэньні беларускай культуры і друку сярод тых беларусаў, хто вучыўся ў польскіх школах. Свой агульны погляд на Беларусь і беларусаў Рыпінскі выказаў у прадмове да сваёй кніжкі: «Гэта Русь складае непадзельную часьціну нашай дарагой бацькаўшчыны (Польшчы). Гэты народ (беларусы) захаваўся дзеля таго, каб давясьці, што ён сам можа выбраць сабе пана, а чужых гаспадароў ня хоча знаць». За пана Рыпынскі лічыў Польшчу, а пад чужымі гаспадарамі разумеў Расію. Яму ў галаву ня прыходзілі думкі аб тым, што працоўная беларуская маса павінна быць сама сабе панам і гаспадаром.

Усе пісьменьнікі беларускай школы ў польскай літаратуры пісалі і пабеларуску, каб знайсьці чытача сярод беларускіх мас. Рыпінскі напісаў баляду «Нячысьцік», вершы-псалмы—«Стары Восіп барадаты», «О, мой божа, веру табе», верш «Ты-ж сам, суседзька, хацеў» і г. д. Баршчэўскі напісаў вершы—«Рабункі мужыкоў», «Гарэліца», «А чым-жа твая, дзеванька, галоўка занята» і шмат беларускіх уставак у сваім польскім творы „Szlachcic Zawalnia, czyli Bialorus w fantastycznych opowiadaniach". Чачот пісаў лірычныя вершы, падобныя да народных