Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/92

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

песень. Апроч таго, пісьменьнікі беларускай школы сабралі шмат матар'ялаў як бытавых, так і народнай творчасьці. Ян Баршчэўскі выдаў зборнік у рускай мове пад назваю: «Очерки северной Белоруссии». Ян Чачот выдаў дзьве кніжкі сабраных ім народных твораў пад назваю: „Piosnki wiesniacze z nad Niemna i Dzwiny". Тут ён даў месца 120 народным беларускім песьням, 150 народным прыказкам і прыкметам. Да сваіх зборнікаў Чачот дадаў невялічкі слоўнічак беларускіх слоў. У тыя самыя 30-ыя і 40-ыя соды зьбіраецца і друкуецца ў польскай мове зборнік Е. Тышкевіча пад назваю: «Апісаньне Барысаўскага павету ў статыстычных, прамыслова-гандлёвых і мэдыцынскіх адносінах». У зборніку ёсьць шмат і гістарычных матар'ялаў. Тут таксама можна знайсьці нарысы штодзённага вясковага жыцьця, народныя песьні, загаворы і забабоны; шмат ёсьць і прыказак. Пазьнейшыя зьбірацелі этнографічнага беларускага матар’ялу часта карысталіся з гэтай добраапрацованай кнігі.

Усе аўтары беларускай школы па сваім соцыяльным стане зьяўляюцца шляхціцамі. Зразумела, што іх творы прасякнуты шляхецкімі поглядамі на беларускае сялянства. Часам яны нават спачуваюць цяжкай долі гарапашніка-селяніна, але наагул усе яны лічаць, што прыгоннае права ёсьць тая аснова жыцьця, каторай ня можна парушаць у імя грамадзянскай карысьці. Такі іх соцыяльны погляд яскрава выяўляецца ў іх творах і асабліва ў творы Баршчэўскага пад назваю «Рабункі мужыкоў», аб якім мы гаварылі вышэй. Сяляне, пад уплывам жаўнераў францускай арміі, паднялі паўстаньне проціў свайго пана, прагналі яго і захапілі ў свае рукі панскі двор. Баршчэўскі не спачувае гэтаму выяўленьню сялянскай волі і не згаджаецца з гэтым актам. Ён усімі сіламі стараецца абсьмяяць сялян і намаляваць іх паўстаньне ў камічным стылі. Найбліжэй падыходзіць да прыгнечанага беларускага сялянства Ян Чачот. Ён кажа, што затым бог даў яму на сьвеце гора гараваць каб ён лепш любіў селяніна і ўмеў яму спагадаць. Яскрава апісвае Чачот сялянскае гора: у хаце дымна і зімна, калеюць і хварэюць дзеткі; разам з скацінаю ў сморадзе і цемры жыве тут сялянская сям’я («Нашто нам дым выядае вочкі»). Але і ў Чачота адносіны да селяніна шляхецка-клерыкальныя. Бяда селяніна не ў існаваньні прыгону, а ў тым, што селянін часта гультаіць і п’е шмат гарэлкі. Селянін будзе добра жыць, калі будзе працавітым і цьвярозым гаспадаром («Каб у карчме не сядзеў»). Аб школе на вёсцы Чачот не гаворыць. Ён лічыць, што хопіць з селяніна, калі ён будзе аддаваць сваіх дзяцей у навуку да шаўца, каваля, бондара і др. рамесьнікаў («Ой ты, суседзе»). Ідэальны селянін, на думку Чачота, працуе бесьперастанку ўва ўсе чатыры пары году, пры тым працуе ў радасьці й вясельлі. Вясною ён гародзіць, возіць гной, арэ і сее, летам косіць лугі, жне і ко