Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/90

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

скага пана не адну сотню год. Да гэтага трэба далучыць яшчэ і гістарычна зложаную тэндэнцыю Польшчы праглынуць Беларусь, — тэндэнцыю, асабліва яскрава падкрэсьленую астатняю польскаю констытуцыяй 3 траўня 1791 году. Было ясна, што і ў далейшыя часы, калі Польшчы прыдзецца рабіць паўстаньне як у Польшчы, так і на Беларусі, яна ня зможа яго зрабіць без беларускага селяніна. Такім спосабам, беларуская тэрыторыя і беларускія працоўныя масы аказаліся вельмі патрэбнымі эканамічна і політычна для Рэчы Паспалітай польскай, якая хоча ўваскроснуць.

Расійская імпэрыя, дастаўшы Беларусь, таксама была зацікаўлена экономічна і політычна захаваць тэрыторыю Беларусі, як свой «северо-западный край», і насельнікаў краю за сабою. Дзякуючы ўсяму гэтаму, і з боку Польшчы і з боку Расіі вынікае цікавасьць да мужыцкай Беларусі, пабудаванай на экономічных і політычных інтарэсах гэтых двух гаспадарстваў. Каб шчыльней падыйсьці да Беларусі і беларускага селяніна, а таксама, каб прыцягнуць яго ў свой бок, некаторыя колы Польшчы і Расіі будуць старацца загаварыць часам з беларускім селянінам на яго «мужыцкай» мове, пачаць дагледзіны яго быту, тэрыторыі, дзе ён жыве, яе гісторыю і г. д. Адны пачнуць даказваць, што беларускі селянін імкнецца да Польшчы, другія—што ён спакон веку быў і цяпер ёсьць рускі чалавек па сваім быце і па жаданьням. Кожны будзе старацца перацягнуць яго ў свой бок. Такім спосабам, зусім незалежна ад актыўнасьці беларускага селяніна, пачнецца культурна-нацыянальны беларускі рух.

Першымі пачынаюць падыходзіць да беларускага пытаньня палякі. Ужо патрыотычныя студэнцкія гурткі пры Віленскім унівэрсытэце, аб якіх гаварылася вышэй, афарбаваны ў мясцовы, беларускі колёрыт. Падгатаўляецца і потым адбываецца паўстаньне 1830-31 г.г. Польскія патрыоты гэтых часоў разумеюць усю важкасьць для польскай справы беларускага пытаньня і пачынаюць бліжэй падыходзіць да беларускага селяніна. Як адбітак сучасных польскіх настрояў, у польскай літаратуры зьяўляецца так званая беларуская школа. Пісьменьнікі гэтай школы паставілі сваёю мэтаю з беларускага селяніна зрабіць чалавека, які-б стаў грамадзянінам, патрыотам Польшчы і пашоў-бы, калі трэба, за паўстанцамі. Найчасьцей яны пішуць папольску, але тэмы і сюжэты бяруць з беларускага жыцьця. Часам яны пераходзяць на беларускую мову. Трэба сказаць, што гэта ім лёгка зрабіць, бо яны паходзяць з беларускай апалячанай шляхты. З пісьменьнікаў гэтай школы мы можам назваць—Яна Баршэўскага з Віцебшчыны, Алеся Рыпінскага з Дзісьненшчыны і Яна Чачота з Наваградчыны. Усе яны ня толькі пісьменьнікі, але і патрыоты падзеленай Польшчы, вельмі часта удзельнікі паўстаньня 1831 г. Па іх поглядах Беларусь ёсьць хоць