Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пачаліся забойствы тых, каго лічылі здраднікамі. Паўстаньне было хутка прыпынена, тым ня менш паміж Крукавецкім і дэмакратамі йшла патаемная барацьба. Крукавецкі не давяраў народнай масе Варшавы, дзякуючы чаму ён ня мог скарыстаць яе проці ворага, каторы ўжо пачаў аблогу сталіцы. Замест таго, каб усю армію рушыць проці рускіх, ён частку яе выдзеліў для ахраны парадку ў горадзе, каб змагацца з «анархістымі», каторымі ён лічыў чырвоных.

26 жніўня руская армія ўжо заўладала ваколіцаю Варшавы, Воляй, а на другі дзень была ўзята і Варшава. Рэшткі польскай арміі паўцякалі за прускую і аўстрыйскую межы, дзе былі разброены. У кастрычніку 1831 году Мікалаем І была абвешчана гучная амністыя з такімі выключэньнямі, каторыя амаль што нічога не пакідалі ў гэтай амністыі. З амністыі былі выключаны: зачыншчыкі паўстаньня, удзельнікі забойстваў З жніўня, члены сойму, каторыя падавалі свае галасы за нізлажэньне дынастыі Раманавых з польскага каралеўскага пасаду, афіцэры і жаўнеры, што не палажылі зброі ў час капітуляцыі Варшавы.

Пасьля ліквідацыі паўстаньня, рускі урад заняўся рэарганізацыяй кіраваньня былой Польшчы. Констытуцыя, дадзеная Польшчы ў часы Аляксандра І, была скасавана. Замест яе, у 1832 годзе быў выданы так званы органічны статут. На аснове статуту быўшае Польскае каралеўства інкорпоруецца ў організм Расійскай імпэрыіі. Уся яго тэрыторыя дзеліцца на губэрні, каторыя прыроўнены да другіх губэрань Расіі. Закасованы ўсе прыметы дзяржаўнасьці: сойм, законы, войска і г. д. Уводзяцца прысутныя месцы і ўстановы імпэрыі. На чале польскіх губэрань былі пастаўлены адміністрацыйны і дзяржаўны Саветы, складзеныя з чыноўнікаў рознастайных устаноў. Адміністрацыйны Савет пасылаў на зацьверджаньне цара кандыдатаў на грамадзянскія пасады. Дзяржаўны Савет утвараў законапроэкты і складаў бюджэт на польскія губэрні. Заканадаўчая ўлада належала да рускага цара.

Паўстаньне 1831 году правалілася. Галоўнейшаю прычынаю правалу была політыка белых у сялянскім пытаньні, каторая аддаліла ад паўстанцаў запрыгоненыя сялянскія масы. Гэты факт асабліва адчуваўся на Беларусі. Перад намі ёсьць вельмі цікавы дакумэнт, каторы яскрава сьведчыць аб адносінах беларускага селяніна да паўстаньня. Афіцэр польскай разьбітай арміі Багданскі разам з трыма таварышамі прабіраецца з Беларусі ў Галіцыю. Ім трэба прабрацца праз балоты, і стары паляшук узяўся быць іх павадыром. Па дарозе стары селянін так аб’ясьніў прычыну няўдачы паўстаньня: «Як за Касьцюшкам, так і цяпер ёсьць адна прычына няўдачы паўстаньня—гэта адносіны паноў да сялянства. Паны думалі самі зрабіць паўстаньне, але забыліся, што іх мала, а мужыкоў столькі, як мурашак. Паны не хацелі вызваліць