Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

таньня грамадзянскага, як на Русі. Усякае паўстаньне, каторае не начынялася ад вызваленьня сялян і дапушчэньня іх да грамадзянскіх праў, ня мела ніякай будучыны» (Мераслаўскі. Паўстаньне польскага народу. Парыж, 1846, т. 2, стр. 4). У сялянскіх колах паўстаньне ня было папулярным. Політычны дэвіз паўстаньня ня мог цікаваць беларускага запрыгоненага селяніна. Яму было ўсё роўна, дзе ён будзе рабом,—у Польшчы ці ў Расіі. Сацыяльны дэвіз чырвоных паўстанцаў— вызваленьне сялян — зацямняўся тым, што яны самі былі панамі і, апроч таго, дапусьцілі да улады такіх паноў (белую партыю), каторыя воража адносілася да скасаваньня прыгону. Наадварот, вельмі часта селянін на Беларусі, як потым і галіцыйскі селянін у 1848 годзе, адмоўна адносіўся да паўстанцаў, лічачы іх сваймі соцыяльнымі ворагамі. Былі і такія факты, што сяляне прымалі удзел у паўстаньні па загаду паноў, каторыя мелі над імі ўладу, але такі прыгонны, паднявольны удзел ня мог быць дзейным. Часам, карыстаючыся з агульнага ззбурэньня, сялянства падымала свае ўласныя бунты проціў паноў, напр., у Меншчыне і ў Горадзеншчыне, каторыя праходзілі няпрыметна ў агульным руху. Адным словам, на Беларусі польскае паўстаньне вялікай моцы ня мела.

Паўстаньне на Валыні і Падолі таксама пасьпехам не карысталася. Туды для падтрыманьня паўстаньня часавы урад паслаў атрад, на чале каторага стаяў адольны начальнік Дзьвярніцкі. Яго здольнасьць разьбілася аб поўнае неспачуцьце паўстаньню украінскіх сялянскіх мас. Яго атрад, акружаны амаль што з усіх бакоў рускай арміяй, павінен быў пакіравацца ў Галіцыю і схаваўся на аўстрыйскай тэрыторыі, дзе ён і быў інтэрнованы.

Няўдачы падалі на паўстаньне і ў Польшчы. Пад Астраленкаю, дзе была згрупована польская армія, 14 траўня адбылася крывавая бітва з арміяй Дзібіча, каторая скончылася перамогаю рускіх. Польская армія панясла вялікія страты, пасьля якіх яна ўжо не магла аправіцца.

Праз два тыдні пасьля бітвы ад халеры памёр галоўнакамандуючы Дзібіч. Яшчэ праз два тыдні (15-VI) у Віцебску таксама ад халеры памёр няўдалы намесьнік Польшчы Канстантын. На месца Дзібіча галоўнакамандуючым быў назначан Паскевіч. Пасьля яго прыезду ў армію, справа ліквідацыі паўстаньня пашла хутчэй. Паскевіч па наведзенаму масту пераправіў армію праз Віслу і стаў пагражаць Варшаве. У Варшаве зноў пачалася паніка. Замест Скржынецкага, галоўнакамандуючым быў назначан Дэмбінскі, каторага хутка зьмянілі на Малахоўскага. Прэзыдэнтам рэспублікі абралі белага магната Крукавецкага. Як вынік панікі, 3 жніўня ў Варшаве адбылося сваё паўстаньне. Пачалі шукаць здраднікаў. Натаўп кінуўся на турмы, і там