Старонка:Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX сталецця.pdf/70

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Мікалаем І, бо яны не дадуць ніякіх вынікаў. Не дыплёматыя, а толькі збройная барацьба можа і павінна вырашыць долю Рэчы Паспалітай. На думку чырвоных, Польшча ў будучыне павінна быць дэмократычнай рэспублікай. Прыгон павінен быць cкасован і вольнае сялянства надзелена зямлёю, для якой мэты трэба ў кожнага з паноў адабраюць частку зямлі. Апошні пункт, хоць і ня зусім ясна выражаны ў чырвоных, уносіў вялікую нязгоду паміж дзьвюма партыямі паўстанцаў.

У часовым урадзе ахопленай паўстаньнем Польшчы атрымала верх магнацкая партыя белых. Дыктатар Хлапіцкі быў тыповым прадстаўніком яе. Ён зусім не разумее значэньня для паўстаньня ў Польшчы і асабліва на Беларусі вырашэньня сялянскага пытаньня. Паглыбленьне рэволюцыі яго палохае. Узяўшы ўладу ў свае рукі, ён не парывае зносін з рускім урадам. Вось перад намі асабісты ліст яго да Мікалая І: «Найміласьцівейшы кароль! Перакананы ў тым, што сойм ня здолее сярод буры ўстанавіць спакой і маючы перад вачыма прошлыя страшныя дні (пачатку рэволюцыі), я пастанавіў узяць выканаўчую ўладу ў свае рукі, каб яна не папала ў рукі агітатараў і бурыцеляў, каторыя хоць і ня маюць адвагі ў мінуты небесьпячэнства, але ўсё-ж такі ўмеюць падбураць і злучаць натаўп. Будучы ворагам анархіі і прытым бачачы на працягу некалькіх дзён тры зьмены ураду, я пастанавіў узяць уладу ў свае рукі». (B. Limanowski. Historya demokracyi polskej. Wyd. ІІ, Cz. І, W. 1922, стр. 208).

Так глядзіць на паўстаньне і ўся партыя белых: лепш з Мікалаем, чым з чырвонымі. Белыя пастанавілі, ня гледзячы на протэсты дэмократаў, паслаць у Пецярбург двух дэлегатаў: Езерскага і таго самага Любецкага, аб якім ужо гаварылася. Яны, зьявіўшыся ў паўночнай сталіцы, дабіваліся ад рускага ураду, каб Мікалай І прыняў іх, як поўнамоцных дэлегатаў новаўтворанага польскага часовага ураду. На гэта Мікалай не згадзіўся і даў ім аўдыенцыю толькі як прыватным асобам. Зразумела, што на гэтай аўдыенцыі яны нічога не дабіліся ад рускага ураду. Мікалай згадзіўся толькі на амністыю пры умове, калі паўстанцы адразу зложаць зброю. З такім адказам дэлегаты вярнуліся ў Варшаву. Пасьля такога адказу партыя чырвоных у Варшаве ўзмацнілася.

Быў склікан сойм, каторы, пад уплывам чырвоных, 13 студзеня 1831 году абвясьціў дынастыю Раманавых нізложанай з польскага каралеўскага пасаду. У вадказ на паўстаньне і на соймавую пастанову, 25 студзеня быў выпушчаны маніфэст Мікалая I, у каторым было сказана так: «Мы даем загад нашым верным войскам выступіць проціў мяцежніка».

Пачала комплектавацца руская армія. К канцу 1830 году было скомплектавана 45.000, але праз некалькі месяцаў лік рускай арміі да-